
Старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч на сваёй староны ў Фэйсбук паведаміў, што пададзены дакументы ў Мінюст для перарэгістрацыі партыі. Але не ўсе ўпэўнены, што яна будзе зарэгістравана.
Прынамсі, небезвядомы палітолаг Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры “Альфа-радыё” заявіў, што нягледзячы на тое, што цяпер у краіне зарэгістравана 15 партый, але рэальна жыццяздольных з іх толькі дзве-тры.
“Усе астатнія палітычныя партыі (прычым як апазіцыйнага, так і лаялісцкага спектру) не адпавядаюць патрабаванням закона ні па колькасці, ні па наяўнасці рэгіянальных структур”, — сказаў Шпакоўскі.
Такім чынам, Шпакоўскі не ўпэўнены, дзве ці ўсё ж тры партыі атрымаюць дазвол на існаванне.
Нагадаем, што Мінюст пад нумарам адзін ужо зарэгістраваў партыю “Белая Русь”.
Нумар два эксперты дружна аддаюць камуністам, якія ўжо правялі з’езд дзеля перарэгістрацыі.
Такім чынам, лёс партыі Гайдукевіча, калі сыходзіць з прагноза “дзве-тры”, застаецца пад пытаннем.
Нагадаем, што намер зарэгістравацца ў якасці партый пакуль не пацвердзілі і з’ездаў не прызначалі ні аргкамітэт прарасійскай партыі “Саюз”, ні ствараемы “Дэмакратычны саюз” Юрыя Васкрасенскага. Цмянымі застаюцца і перспектывы апазіцыйных партый. Многія з іх проста баяцца перадаваць у Мінюст спісы членаў. А ў большасці ўжо тых членаў і няма.