
СКАЗАНА!
Ігар ТУР:
“З пункту гледжання чалавечай спажывецкай логікі я ўвогуле павінен быць супраць Лукашэнкі і супраць сацыяльнай дзяржавы. Павінен “тапіць” за ліберальнасць і адкрыты рынак. Калі я, як прапагандыст, бараню нашу мадэль развіцця і нашу сацыяльную арыентаванасць, я бараню не свае інтарэсы, а інтарэсы электаральнай большасці людзей маёй краіны”.
БЛІЦ-КАМЕНТАРЫЙ
Бачыце, як яно выходзіць – быццам усё “дзеля людзей”. А сам ён, Ігар Тур, па-чалавечы, мог бы быць і за рынак, і за лібералізм.
Толькі скажыце, у якой рыначнай і дэмакратычнай краіне людзі жывуць горш, чым мы? Можа, у ЗША? Можа, у Польшчы ці Чэхіі?
Чаму ж тады многія беларусы, у тым ліку сваякі тых жа праўладных прапагандыстаў, чыноўнікаў не застаюцца дома, а едуць у тыя самыя рыначныя і ліберальныя краіны на заробкі?
Чаму бежанцы, якія, уцякаючы ад войн і галечы, атакуюць межы Еўрасаюза з тэрыторыі Беларусі, а не просяць прытулку ў нашай цудоўнай дзяржаве, а рвуцца на Захад?..
Але логіка ў прызнанні Ігара Тура ёсць. Яго асабістая логіка. Справа ў тым, што ён перакананы: “У цэлым для славянскай душы лепшая форма кіравання – гэта абсалютная манархія”. Пра што і заявіў не так даўно ў праграме “Па сутнасці” на тэлеканале СТБ.
Хто і калі пытаўся ў беларусаў, ці хочуць яны жыць пры абсалютнай манархіі, калі ніхто і нішто не абмяжоўвае кіраўніка краіны ні ў чым, калі ўвогуле няма дзяржаўных органаў, якія могуць з ім не пагадзіцца ці нешта яму забараніць?
Так, сёння ў нас падобная сітуацыя. Але пачытайце дэпутата-гісторыка Ігара Марзалюка – гістарычна для беларусаў гэта было не так. Тое, з чаго пачыналася беларуская дзяржаўнасць, – княствы. Князь у іх выконваў службовыя функцыі – тое, што даручалі суграмадзяне, менавіта таму часта на княства запрашалі іншаземцаў.
Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая ў нашай гісторыі гэта прыклады саслоўна-прадстаўнічай манархіі.
Абсалютызм да нас прыйшоў толькі разам з Расійскай імперыяй і доўжыўся да 1905 года, пакуль усё не дайшло да рэвалюцыйнай сітуацыі і імператар Мікалай ІІ не выдаў маніфест аб скліканні Дзяржаўнай Думы. Напэўна, не трэба нагадваць, якімі крывавымі падзеямі ўвесь гэты перыяд суправаджаўся.
Так што перш чым гаварыць “за народ”, трэба хаця б запытацца ў самога ж народа.
У свеце засталося толькі дзве краіны з абсалютнай манархіяй – Саудаўская Аравія і Султанат Бруней. І яны сядзяць на нафце і грашах, таму не ад народа патрабуюць, а народу даюць.
У тым жа Брунеі з людзей не збіраюць падаткаў на даходы,забяспечваюць бясплатнай медыцынай і нават бясплатнай вышэйшай адукацыяй. Можна сказаць, што багацце на іх звалілася з неба. І, дарэчы, гэтак жа раптоўна можа знікнуць.
А на нас што звалілася, каб марыць пра манархію? Памутненне розуму?..
Ірына МАЛЬЦАВА.