Паэзія ад… камунальшчыкаў

Паэзія ад... камунальшчыкаў
Паэтычная абвестка на дзвярах. Фота: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ

Незадоўга да новага 2023 года на ўнутраных дзвярах нашага  аднапад’езднага дома на два з паловай дзясяткі кватэр з’явіўся белы аркуш паперы з надрукаваным, пэўна, на прынтары невялікім тэкстам. Напнуў акуляры, стаў чытаць – і цёплая хваля лагоды і замілавання падкаціла да грудзей. Так далікатна і шчыра, проста-такі з мацярынска-бацькоўскім клопатам камунальная служба  да нас, жыхароў, яшчэ не звярталася. Калі што-якое, непаладкі там з вадою, электрычнасцю ці, крый божа, з газам, хвалявацца, а тым больш палохацца не трэба. Вершаваная цытата на мове арыгінала:

«Если в доме случилась беда:
Вдруг из кранов пропала вода.
Не спешите сразу пугаться,
Позвоните по телефону СТО ПЯТНАДЦАТЬ».

Аформлены парнай рыфмаю і іншыя пажаданні. Газам запахла ў кватэры – тэрмінова ў 104, святло знікла ў доме ці кватэры – набірайце 144. Калі ж тынкоўка паляцела са сцяны – тэлефанаваць не трэба, збірайцеся і дружна рамантуйце самі. Ну і на дадатак, як сказана, на ўсялякі выпадак тэлефоны: ЖЭУ-3 (3450890), КЖЭРУП «Цэнтральнае» (342730) і нават аддзела па рабоце з грамадзянамі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля (316121).

Наўмысна не прыводжу ўсе іншыя вершаваныя прапановы для меланхалічна спакойнага жыцця гараджанаў, бо сілаба-танічная метрыка ў іх яшчэ больш парушана, чым у згаданым вышэй чатырохрадкоўі. Дый, шчыра кажучы, не ў паэзіі справа, хоць і жыву я па вуліцы Пушкіна. Усяму галава – практыка.

 

Фагот чыгуннай трубы

Заглянуў неяк раз пасля паэтычнага паведамлення ў падвальнае памяшканне свайго дома №22а, а там – жах! – лючок для чысткі і рэвізій ад каналізацыйнай трубы-стаяка  валяецца на цэментнай падлозе. Гэта акурат пад кватэрай №3. З раскрытай зяпы трубы раз-пораз выбіваюцца нечыстоты.  Канешне, набраў 115 – цэнтралізаваную дыспетчарскую камунальнай службы гарвыканкама. Чаму яе, а не ЖЭУ-3? Ды ўсё проста: была нядзеля, а ў выхадны дзень жыллёва-эксплуатацыйны ўчасток не працуе.

Аварыйная гарадской ЖКГ прыехала гадзінаў праз пяць.  Хоць і без рыфмы, але разам з аварыйшчыкамі «праскланялі» па падзяжах  сантэхнікаў з ЖЭУ-3, што чысцілі каналізацыйны стаяк, а чыгунны лючок у ім не закрылі ці не заціснулі на балты-гайкі. З-пад таго лючка, бывала, і раней выцякала каламуць, але фантанаў не было. Прыходзілі сантэхнікі і ўтаймоўвалі цечу. А тут –  не, не флейта,  а сапраўдны фагот вадасцёчнай трубы.

 

Нячысцік пад домам

Мінула колькі часу, адмыслова заглянуў у падвал. У доме я, лічы, абарыген, жыву з першага дня засялення ў 1984 годзе. І што бачу: невялікі ручаёк цурчыць з каналізайнага стаяка, акурат з-пад таго самага лючка. Быццам нячысцік  сядзіць там і стуменіць бесперастанку. Больш за тое, у пяці кроках ад «нячысціка», пад кватэрай №5, пацякла вада з трубы, абматанай сінтэтычнай тканінай. Зняў пальчаткі, падставіў палец – халодная. Нават балотца на цэментнай падлозе ўтварылася.

«Сто пятнаццаць» ужо не стаў набіраць. Патэлефанаваў з ранку у свой ЖЭУ-3, дзе ёсць так званы «вытворца работ», іншымі словамі, дыспетчар, што прымае званкі пра непаладкі ў жыллёвым фондзе.

– Перадам заяўку сантэхнікам, – запэўніла  дзяўчына, якая назвалася Дар’яй.

Бліжэй да сыходу працоўнага дня зноў патурбаваў вытворцу работ, бо ніякія сантэхнікі зліквідаваць цеч не прыходзілі.

– Заявак шмат. Павінны прыйсці. Я перадала, – патлумачыла Дар’я.

 

Весела… да сэрцабіення

Аднак і на наступны дзень сантэхнікаў не было. Мінуў і яшчэ  дзень. Нідзе анікога. Урэшце 13 снежня зноў набраў 115. Прыемны жаночы голас падзякаваў за тэлефанаванне і неабыякавае стаўленне да праблемаў ЖКГ. Ну хоць садзіся і паэму пішы пра тое, як залагодзілі душу. Выкшталцона так, высокімі словамі. Чыстая паэзія.

Калі  праз тры дні ўзнёсласць асела, высветлілася, што бруд ды халодная вада па-ранейшаму заліваюць падвал. Паспрабаваў звязаццца з намеснікам дырэктара КЖЭРУП «Цэнтральнае» Аляксандрам Дробышавым, адказным за ўтрыманне дамоў і добраўпарадкаваннем тэрыторый. Ён увесну досыць аператыўна адрэагаваў на адарваны ветрам парапет  і непарадкі з доглядам прыдваровай тэрыторыі. На жаль, намесніка  на месцы не было, а ягоная сакратарка Ірына з усёй сур’ёзнасцю заявіла: «Усе перадам Аляксандру Аляксандравічу, не хвалюйцеся».

Я ўжо не хваляваўся, рабілася весела, часам нават да сэрцабіення. На паэзію замыкала. Ну, выходзіць, без вады нам ні туды і ні сюды.

Зноў тэлефаную ў ЖЭУ-3. Пачынаю, што называецца, ад печкі.

– Звольнілася Дар’я, не вытрымала. Я зноў на гэтым месцы, – кажа вытворца работ Надзея Уладзіміраўна, якая даўно працуе ў ЖЭУ-3. – Прыйдуць сантэхнікі, ім перадам заяўку.

 

Інфармацыя ЖЭУ

У падвале я, канешне, не начаваў, але перыядычна заглядваў туды. Зірну на дзверы з паэтычнай інфармацыяй ад КЖЭРУП (ці аддзела па рабоце з грамадзянамі адміністрацыі Цэнтральнага раёна) і нібы магнітам цягне ў падвал.  Рамантавалі? Не рамантавалі!

За колькі дзён да новага году чарговы раз набраў нумар 115. Паслухаў музыку, пачакаў злучэння. Абмаляваў сітуацыю.

– Дык вы ж ужо тэлефанавалі нам, – цалкам лагодна і нават з нейкім спачуваннем адказала аператарка, якая назвалася Таццянай. – У мяне тут інфармацыя  з ЖЭУ-3 – непаладкі ліквідаваны.

Нават не з рукі пярэчыць жанчыне з лагодным голасам, але пярэчу. Што там паведамілі з участка, не ведаю. Але вада як бруілася ў двух месцах, так і бруіцца.

Аператарка заспакоіла, што заяўка будзе перададзена ў ЖЭУ-3, а мне  будзе паведамлена дадаткова пра вынікі. Не паведамлена.

 

Не паэтычная арыфметыка

Сёння ўжо  17 студзеня. Мінуў  месяц з дня маіх паэтычных стасункаў з камунальнай службаю. У каналізацыйным стаяку, праўда, заўважыў перамены: лючок для рэвізіі, падобна на тое, запенілі, але брудная вада ўсё адно сочыцца з-пад муфты злучэння. А пітная вада ўжо бесперапынным струменем ліецца на падлогу. Балотца ператвараваецца ў балота.

Калі браць пад увагу памятку для насельніцтва КВУП «Гомельвадаканал», то струменчык вады дыяметрам 2 міліметры – а з трубы выцякае ніколькі не меншы – вылівае ў падвал за гадзіну 25 літраў, за суткі – 600, за месяц – 18 тысяч літраў, альбо 18 кубоў. Па сутнасці, месячная норма расходу вады на чатырох чалавек. Таму шкада, што паэтычных радкоў пра безгаспадарнае цурчанне вады бракуе на сталах начальнікаў ЖКГ ды шматлікіх куратараў гэтай галіны.

Імаверна чыноўнікам лепей апавядаць, што насельніцтва не поўнасцю аплочвае жыллёва-камунальныя паслугі і патрабаваць павелічэння тарыфаў, чым адладзіць эфектыўную эксплуатацыю неспакойнай гаспадаркі. Ну цячэ тая вада тыдзень ці месяц, на галаву не ліе – і дзякаваць богу. «Балоты» ж у падвалах мала каму бачныя, нават у нас, у доме №22а, што за трыста метраў ад гарвыканкама і прыкладна за столькі  ж ад адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

 

Пра «Арбат», дагледжаныя двары і пад’езды

На фоне паэтычнай творчасці  ЖКГ і нашага падвальнага «забалочвання» ў горадзе змяніўся кіраўнік. Ранейшы старшыня гарвыканкама  Пётр Кірычэнка пайшоў у адстаўку. На яго месца прызначаны Уладзімір Прывалаў, які да гэтага ў рангу намесніка старшыні аблвыканкама курыраваў сацыяльную сферу, у тым ліку і жыллёва-камунальную гаспадарку.  У сваім тэлеграм-канале новы кіраўнік  прапанаваў  гараджанам выказвацца наконт усталявання ў горадзе пешаходнай вуліцы, гэткага своеасаблівага «гомельскага Арбата».  Як напяваў паэт-бард, «Ах Арбат, мой Арбат ты – мая рэлігія…».  Але ідэя пешаходнай вуліцы  ў горадзе далёка не новая, узнімалася ўжо разы два ці тры. Словам, сякера пад лаўкаю. Разважлівыя гараджане заўважаюць, што трэба спачатку дабудаваць кінуты без фінансавання ўсходні абход, вывесці з горада транспартныя патокі, а потым думаць пра пешаходную вуліцу ды паэтаў з гітарамі на ёй. Як па мне, дык вельмі дарэчы была б і праграма ўпарадкавання двароў, пад’ездаў, падвалаў, адладжанае функцыянаванне камунальных службаў. Глядзіш, ад радасна ўзнёслага сузірання нараджаліся б цэлыя паэмы.

Анатоль ГАТОЎЧЫЦ.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.