Пад Мінскам пабудуюць раён для больш як 100 тысяч чалавек

Фото из открытых источников

За тры кіламетры ад МКАД з’явіцца новы раён Зялёны Бор. Мяркуецца, што там змогуць жыць больш за 100 тысяч чалавек. Дамы ўзвядуць каля трасы, якая вядзе ў Нацыянальны аэрапорт, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Раён зойме тэрыторыю плошчай 1916 гектараў. Участак знаходзіцца побач з заказнікамі “Глебаўка” і “Сціклева”.

Асвойваць тэрыторыю будуць у два этапы. Першы плануецца завяршыць да 2030 года.

Падчас першага этапу пабудуюць 952 тыс. кв. метраў агульнай плошчы кватэр, куды змогуць засяліцца прыкладна 36, 5 тыс.чалавек. Пазней жылы фонд павялічыцца да 3 мільёнаў квадратных метраў: сядзібная забудова зойме 62, 3 тысячы «квадратаў», а шматкватэрная — больш за 2, 9 мільёна.

У новым раёне плануецца пабудаваць бальніцу, пяць паліклінік, станцыю хуткай дапамогі, школу на 1056 месцаў, чатыры дзіцячыя садкі, уладкаваць бульвары, паркі і скверы.

Праект дэталёвай планіроўкі распрацавалі па замове Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, грамадскае абмеркаванне праекта працягнецца па 5 чэрвеня.