“Паўтара месяца няма лістоў…”

Алесь Пушкін. Фота з адкрытых крыніц.
Алесь Пушкін. Фота з адкрытых крыніц.

Жонка мастака Алеся Пушкіна распавяла “Народнай Волі” пра тое, што паўтара месяца не атрымлівае ад мужа вестак.

Нагадаем, што мастак быў асуджаны на 5 гадоў калоніі строгага рэжыму.

Алеся Пушкіна прызналі вінаватым у «наўмысных дзеяннях у рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб» і ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў».

Мастак знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года. Падаваць апеляцыйную скаргу ён адмовіўся.

Спачатку Алесь Пушкін знаходзіўся ў папраўчай калоніі №22 у Івацэвіцкім раёне («Воўчыя норы»), але затым яго этапіравалі ў гродзенскую турму №1.

Алесь Пушкін уключаны ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

— Без гаспадара, натуральна, складана, але гэта праблема вырашальная, — кажа жонка мастака. – Зараз, напрыклад, у мястэчку так усё высахла без дажджу, што і касіць не трэба.

Дачка дома, на канікулах, таму дапамагае, а вось сын яшчэ здае сесію ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце. Зразумела, што яны цяпер мая асноўная падтрымка і дапамога.

— Якія апошнія навіны ад Алеся?

— Ужо каля паўтара месяца не было ад яго ніякіх вестак. Увогуле, пра сябе ён асабліва нічога не піша, а калі і піша, то цэнзары гэтыя радкі замалёўваюць.

Таму ніхто зараз не ведае, што з ім у гэты момант. Можа змясцілі ў ШІЗА, бо чаму тады лістоў няма? Адкуль даведацца?

Таму зрэдку даходзяць лісты ад Алеся – і слава Богу! Ад некаторых вязняў, наколькі вядома, ужо каля трох месяцаў няма ніякіх вестак.

— Пра стан свайго здароўя нічога не паведамляе?

— Як садзіўся, то быў здаровы, а што цяпер з ім – не пісаў. Але, як быццам, не скардзіцца на здароўе.

— Перадачы яму даходзяць?

— Даходзяць, хаця пасля таго, як перавялі на турэмны рэжым, там большыя абмежаванні. Здаецца, дазволена адна рэчавая перадача ў год і ўсяго некалькі харчовых. Сястра Алеся не так даўно яму даслала перадачу.

Напэўна, магчыма і адно кароткачасовае спатканне ў год, але я пра гэта пакуль не даведвалася…

Віктар ШПАК.

ИсточникНародная Воля
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".