Па раману Караткевіча здымуць гістарычны блакбастар

Фота з адкрытых крыніц.

Гістарычны блакбастар паводле Уладзіміра Караткевіча рыхтуе Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”. Здымкі з працоўнай назвай «Чорны замак» пачнуцца ўжо ў красавіку.

За рэалізацыю ўзяўся расійскі рэжысёр Кірыл Кузін. У яго партфоліа шмат работ у жанры фэнтэзі.

Правы на экранізацыю рамана кінастудыя выкупіла больш за дзесяць гадоў таму ў пляменніцы Уладзіміра Караткевіча.

Сцэнарый па матывах першакрыніцы напісаў прадзюсар Глеб Шпрыгаў.

Архітэктурным прататыпам рамана стаў Гальшанскі замак-рэзідэнцыя роду Сапегаў у Гродзенскай вобласці. Кінаверсію з прывідамі ў 84-м прадставіў народны артыст БССР Міхаіл Пташук. Але тады ўсе натурныя здымкі прайшлі за межамі Беларусі. Гэтым разам здымаць будуць у Беларусі. Маршрут пабудаваны ў тры дзясяткі лакацый. У тым ліку ў кадры апынуцца касцёл Святой Веранікі ў вёсцы Селішча, сядзіба Чапскіх у Прылуках, Мірскі замак і многія іншыя помнікі архітэктуры.

Завяршыць здымкі плануецца да пачатку ліпеня. Фільм выйдзе вясной 2024 года.

Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.