Па прыкладзе СССР: у Беларусі з’явіцца нагрудны знак «Гатовы да працы і абароны”

Фота з адкрытых крыніц.

Гэты знак будзе мець тры ўзроўні вартасці, а атрымаць яго зможа любы жадаючы пры ўмове, што выканае пэўныя нарматывы.

Аб заснаванні нагруднага знака “ГТА” паведамляецца ў пастанове Міністэрства спорту і турызму. Ён будзе мець шэсць ступеняў. Кожнай адпавядае пэўны узроставы перыяд. Напрыклад, I ступень закране дзяцей ад 6 да 10 гадоў, II – дзяцей ад 11 да 16 гадоў. Моладзь да 19 гадоў – гэта III ступень. IV ступень тычыцца людзей ва ўзросце ад 19 да 22 гадоў. Беларусы ад 22 да 49 гадоў адносяцца да V катэгорыі, а грамадзяне ад 50 да 59 гадоў – ужо да шостай.

“Асобам, якія выканалі нарматывы, прадугледжаныя комплексам ГТА, на афіцыйных спартыўна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца ў адпаведнасці з рэспубліканскімі і мясцовымі каляндарнымі планамі правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў, уручаецца адпаведны нагрудны знак”, – паведамляецца ў дакуменце.

Сам знак “ГТА» будзе трох вартасцяў. Бронзавы значок уручаць таму, хто па кожным нарматыве атрымае не ніжэй за 5 балаў. Калі здаць нарматывы на 7 балаў, то гэта пацягне на сярэбраны знак, а калі не ніжэй 9 балаў – то ўжо залаты.

Якія ж нарматывы трэба будзе здаваць? Напрыклад, жанчынам трэба будзе выканаць шэсць практыкаванняў – скачок з месца ў даўжыню, нахіл наперад са становішча лежачы, згінанне прэса, чаўночны бег (гэта бег на кароткія дыстанцыі з пастаяннай зменай накірунку), а таксама бег на 30 метраў і бег на 1500 метраў.

У мужчын гэты спіс іншы – замест нахілаў наперад лежачы трэба будзе падцягвацца або адціскацца. Дарэчы, каб атрымаць 9 балаў, трэба падцягнуцца не менш за 20 разоў або адціснуцца не менш за 50 разоў

Вышэйзгаданая пастанова будзе дзейнічаць з 1 ліпеня гэтага года.

Да ведама. «Гатовы да працы і абароны СССР» праграма фізкультурнай падрыхтоўкі грамадзян Савецкага Саюза  была заснавана ў 1931 годзе. Мела на мэце падрыхтоўку да працы і вайны.
Іван ШАЎЛЮК.