Па якой цане можна набыць грыбы на трасе Гродна-Мінск?

Засушлівае лета прывяло да таго, что ў сярэдзіне ліпеня грыбы – самы сапраўдны дэфіцыт. Ды і адкуль ім узяцца, калі доўгі час не было дажджоў?

Праўда, пару тыдняў таму ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях прайшлі добрыя дажджы.

У гэтыя дні на аўтамабільнай трасе Гродна-Мінск мясцовыя жыхары традыцыйна прадаюць падарункі леса – грыбы, чарніцы і суніцы, маліну. Таму многія мінчане, якія вяртаюцца дадому з Гродзенскай вобласці, спыняюцца, каб набыць грыбы ці ягады.
Яшчэ не так даўно ў Мінску на Камароўскім рынку паўлітровы слоічак лісічак каштаваў 15 рублёў, затым кошт крыху знізіўся. Можа, на трасе дзешавей?..

У мінулыя выхадныя вырашыў спыніцца на трасе Гродна-Мінск і карэспандэнт “Народнай Волі”, каб даведацца, якія цэны на ягады і грыбы на прыдарожным “рынку” за 130 кіламетраў ад сталіцы.

— Літр чарніц – 8 рублёў, — прапануе мне дзяўчынка-школьніца, якая падчас канікул сумяшчае прыемнае з карысным – і адпачывае, і грошы зарабляе. – Бярыце, не пашкадуеце. Ягады толькі з лесу, сёння з самага ранку збірала.

— А я за 7 рублёў аддам літр, — падае голас канкурэнтка школьніцы.

А вось грыбоў практычна няма. Толькі адна жанчына прадавала лісічкі па 15 рублёў за літровы слоік.

— Прайшлі дажджы больш за тыдзень таму, а зараз ізноў усё павысыхала, — тлумачыць прадаўшчыца. – Хутка і гэтых грыбоў не будзе, таму купляйце зараз.

 

ИсточникАлесь СВЯТЛАНІЧ, Фота аўтара.
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".