
Пасля разносу, які ў лістападзе мінулага года Аляксандр Лукашэнка ўчыніў аграрыям Гомельшчыны, “Народная Воля” прагназавала, што толькі пагрозамі сітуацыю наўрад ці можна будзе выправіць. Як у ваду глядзелі.
Памятаеце, як у Гомелі старшыня КДК Васіль Герасімаў пералічваў парушэнні, якія кантралёры знайшлі ў гаспадарках, куратарамі якіх з’яўляюцца асабіста кіраўнікі райвыканкамаў? І як сурова іх папярэдзілі, што будзе, калі падобнае паўторыцца?..
Але праз месяц, у студзені 2023 года, Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў аналагічную праверку ў Магілёўскай вобласці. Як паведамляе тэлеграм-канал ведамства, у пяці раёнах былі правераны адзінаццаць аб’ектаў, персанальную адказнасць за якія нясуць старшыні райвыканкамаў і іх намеснікі па сельскай гаспадарцы.
“На ўсіх правераных аб’ектах выяўлены парушэнні”, — канстатуе ведамства.
Выходзіць, за разносам у Гомелі трэба рабіць і разнос на Магілёўшчыне, бо сюды не дайшло.
Толькі што дадуць такія “грымучыя нарады”? Што дадуць пагрозы “караць і арыштоўваць”? На Магілёўшчыне за мінулы год і першы месяц гэтага года ўзбуджана 25 крымінальных спраў па сферы жывёлагодоўлі, 86 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. А вынік які? “На ўсіх правераных аб’ектах выяўлены парушэнні”! Значыць, на праблему трэба глядзець глыбей.
Алег СНОЎ.