Новыя імёны: Яна Каладынска – узыходзячая зорка беларускага тэніса

Яна Каладынска. Фота з сацсетак.

Днямі 19-гадовая беларуская спартсменка згуляла ў фінале турніра ITF у Мехіка.

І гэта не першы яе поспех…

Лакальныя поспехі былі ў тэнісісткі і раней. Напрыклад, у сваім узросце яна тройчы выходзіла ў фінал прэстыжных турніраў Eddie Herr і Orange Bowl, а ў сакавіку 2021 года Каладынска атрымала перамогу на першым прафесійным турніры ў туніскім Манасціры. І ўжо тады гуляла на роўных як мінімум са спартсменамі з чацвёртай-пятай сотні з сусветнага рэйтынгу.

Затым быў перыяд, калі Яна раптам здала пазіцыі. Многія не разумелі, што здарылася са спартсменкай. Перыяд, калі ты ізноў прызвычайваешся і “шліфуеш” свае рухі, адаптуючыся да зменаў у арганізме? Пошук матывацыі? Вядомыя цяжкасці, калі не на рашаючых стадыях, а з самых першых раундаў патрэбна было сустракацца са спартыўнай элітай? Усё гэта магчыма ў сукупнасці, хаця, не выключана, што ўсяму прычынай былі звычайныя ўзроставыя клопаты. І аддаленыя ад тэніса думкі. Калі коратка, то ад ракеткі і кортаў спартсменку часткова аддалялі рамантычныя стасункі.

Але Яна Каладынска, што называецца, правільна расставіла прыярытэты. І вынікі з’явіліся ўжо ў мінулым годзе. Інакш яна не была б намінавана на суадносную прэмію падчас падвядзення вынікаў сезона.

У мінулым годзе Яна выйшла ў фінал на турніры ў Санта-Дамінга, а ў адзін перыяд у тэнісісткі была пераможная серыя з дзевяці матчаў.

Што яшчэ вядома пра ўзыходзячую зорку беларускага тэніса? У жніўні гэтага года спартсменка адзначыць сваё 20-годдзе. У мінулым годзе Яна атрымала вадзіцельскае пасведчанне, пра што з радасцю паведаміла ў сваім Інстаграме.

Таксама ў сацыяльных сетках тэнісістка падзялілася з падпісчыкамі здымкам з прэстыжнага аўтамабіля “Паршэ”. Іранічна ёй параілі: варта было б выйграць турнір, дзе гэты аўтамабіль з’яўляецца галоўным прызам. Маецца на ўвазе турнір на грунтовых кортах у Штутгарце. Дарэчы, Яна Каладынска лепш гуляе на хуткіх кортах, але, як кажуць, ёсць да чаго імкнуцца.

Раней у інтэрв’ю спартсменка прызнавалася, што першы турнір, які больш за ўсё марыць выйграць, – гэта Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі. Не US Open, “Уімблдон” ці “Ралан Гарос”, а менавіта спаборніцтвы на Зялёным кантыненце. Як вядома, Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі ўжо выйгравалі беларускі Вікторыя Азаранка, а ў гэтым годзе – Арына Сабаленка.

Новыя імёны: Яна Каладынска – узыходзячая зорка беларускага тэніса
Яна Каладынска.

Цікава, што Каладынска з усяго ВТА-тура вызначыла ў якасці спартсменкі, чый гульнявы стыль ёй па душы і на каго збіраецца раўняцца, канадку Б’янку Андрэеску. А яшчэ падкрэсліла, што, калі б не звязала жыццё з тэнісам, то выбрала б плаванне.

Новыя імёны: Яна Каладынска – узыходзячая зорка беларускага тэніса
Яна Каладынска. Фота з сацсетак.

Дарэчы, многія адзначаюць мадэльную знешнасць спартсменкі. Яна хадзіла на касцінг у мадэльнае агенцтва, была на фотасесіі і нават атрымала прапанову на супрацоўніцтва, але ўсё-такі выбрала тэніс. Як сама прызналася: бегаць за двума зайцамі не атрымаецца, хаця пакуль што тэніс, па яе словах, прыносіць больш задавальненне, а не заробак. Бо дзеля таго, каб у пэўнай ступені акупляць свой удзел у турнірах, неабходна патрапіць у першую сотню ВТА.

Пабачым, як сябе далей праявіць Яна Каладынска. Усё ў яе руках…

Новыя імёны: Яна Каладынска – узыходзячая зорка беларускага тэніса
Яна Каладынска. Фота з сацсетак.