
21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па “справе праваабаронцаў”.
Нагадаем, што прысуд праваабаронцам Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Дзмітрыю Салаўёву, якога судзілі завочна, быў вынесены 3 сакавіка.
Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў усіх чатырох вінаватымі ў падрыхтоўцы асоб да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або фінансаванні такой дзейнасці (ч.2 артыкул 342 Крымінальнага кодэкса), а таксама кантрабандзе (ч.4 артыкула 228). І прыгаварыў да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Дзмітрый Салаўёў, які знаходзіцца за межамі Беларусі, быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Нягледзячы на тое, што прыгавор вельмі жорсткі, пракурор Аляксандр Кароль падаў пратэст, які тычыўся прызначэння пакарання аднаму абвінавачанаму — Уладзіміру Лабковічу.
У выніку Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле папярэднія прысуды: Алесю Бяляцкаму – 10 гадоў калоніі, Валянціну Стэфановічу – 9, Уладзіміру Лабковічу – 7, Дзмітрыю Салаўёву – 8 гадоў калоніі (завочна).
Сумы штрафаў таксама не змяніліся.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.