Фото из открытых источников.

Сярод тых, хто сёлета атрымаў прэмію “За духоўнае адраджэнне” – ваенна-патрыятычны клуб “Рысь”, створаны на базе небезвядомай часці №3214 унутраных войск.

Чым займаецца клуб? Працытую намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова.  «Арганізаваны дадатковыя секцыі агнявой і медыцынскай падрыхтоўкі. Важная ўвага надаецца ідэалагічнаму выхаванню – гэта наведванне гераічных месцаў, вывучэнне герояў краіны. На гэтых асноўных момантах будзе будавацца духоўны і фізічны базіс нашых дзяцей. Аднак яшчэ важна, каб маладое пакаленне было агароджана ад згубнага ўплыву інтэрнэту і ўсіх гібрыдных спробаў пранікнення ў іх розум і падсвядомасць», – расказваў намеснік міністра ў кастрычніку 2021 года, на адкрыцці клуба “Рысь”.

Ці не падаецца вам, што нават калі гэты клуб сапраўды выбітны, яму яшчэ проста зарана прэтэндаваць на ўзнагароды, тым больш дзяржаўнага ўзроўню. Занадта нядоўга ён працуе, каб ацэньваць вынікі. Пагадзіцеся, клуб яшчэ проста не паспеў з дзяцей зрабіць падлеткаў-патрыётаў, не мог паспець.

Гэта па-першае. Па-другое, прэмія ўсё ж такі называецца “За духоўнае адраджэнне”. Няўжо добра страляць, хутка бегаць, быць моцным і спрытным – гэта пра духоўнасць?  З такім падыходам самымі высокадухоўнымі павінны прызнавацца снайперы, цяжкаатлеты, біятланісты і так далей. Але ж не! Падобную шкалу вымярэння духоўнасці трэба прызнаць выключна беларускай.

Нехта скажа, што прэмія “За духоўнае адраджэнне” гэта павінна быць прэмія для рэлігійных дзеячаў, якія не толькі нясуць людзям слова Божае, але і рэальнай справай дапамагаюць ім. Што гэта прэмія – за дабрачынную і асветніцкую дзейнасць. А для мяне духоўнае адраджэнне ў першую чаргу – культура. Яшчэ дакладней – літаратура. Бо, як сказана ў Бібліі, на пачатку ўсяго было слова…

Сярод сёлетніх лаўрэатаў – калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Прэміі “За духоўнае адраджэнне” ён удастоены “за значны ўнёсак у выхаванне любові да Айчыны, даследаванні гісторыка-культурнай спадчыны, выпуск навуковага энцыклапедычнага выдання «Гарады і вёскі Беларусі».

Заслужаная ўзнагарода за важную працу, але ж гэта не літаратурны твор. Няўжо знікла прыстойная беларуская літаратура? Калі апошнім часам беларускія літаратары ўдастойваліся дзяржаўных узнагарод? Няўжо няма каго ўзнагароджваць? Няўжо ўнёсак ваенна-патрыятычнага клуба “Рысь”, які існуе крыху больш за год, у адраджэнне духоўнасці большы, чым тых пісьменнікаў, якія абагрэтыя і абласканыя дзяржавай? Калі так, то гэта проста жах.

Валер АКУЛІЧ.

 БЛІЦ-КАМЕНТАРЫЙ

Жыццё не натхняе?

Пагадзіцеся, такая пастаноўка пытання мае права на існаванне.

Пісьменнікі ў Беларусі – аўтарытэтныя людзі. Яны прысутнічаюць на афіцыйных сходах, у дзяржаўных эфірах, у падручніках, на старонках газет і часопісаў, даюць ацэнкі, вучаць нас, як трэба жыць. Але ці заслужаны гэты аўтарытэт? Калі заслужаны, то чаму дзяржава ўзнагароджвае каго заўгодна, але толькі не іх?

Размова, зразумела, пра членаў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў Беларусі, бо альтэрнатыўны саюз ліквідаваны, а яго члены ўжо даўно апынуліся па-за ўвагай дзяржавы і тым больш не маглі разлічваць на ўшанаванне з боку дзяржавы. Нават пасля таго, як менавіта старшыня альтэрнатыўнага пісьменніцкага саюза Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры, уславіўшы нашу краіну на ўвесь свет.

Своеасаблівым адказам беларускай улады на гэтую ўзнагароду можна лічыць прысваенне ў 2022 годзе звання Народны пісьменнік Беларусі шматгадоваму кіраўніку праўладнага Саюза пісьменнікаў Мікалаю Чаргінцу. Але што з дзяржаўнымі ўзнагародамі за канкрэтныя літаратурныя творы?

Вышэйшым прызнаннем заслуг дзеячаў навукі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры ў Беларусі з’яўляецца Дзяржаўная прэмія, якая цяпер прысуджаецца раз у чатыры гады. У 2008 годзе лаўрэатам прэміі стаў паэт Міхась Башлакоў за кнігі паэзіі «Нетры» і «Палын. Чарнобыль».

Дакладней будзе сказаць, што гэта паэтычна-графічныя творы, створаныя ў цесным супрацоўніцтве з мастаком Міхасём Барздыкам. Кніга “Нетры” перад гэтым, у 2005 годзе, атрымала ўзнагароду на кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне, увайшоўшы ў лік ста лепшых кніг свету. Але пасля гэтага, ў снежні 2006-га, пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца  быў створаны “правільны” пісьменніцкі саюз, у “няправільнага” адабралі і будынак, і санаторый, і часопісы “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”… Вось толькі творчага ўздыму не адбылося.

У 2010-м дзяржпрэмію атрымаў калектыў стваральнікаў мемарыяла «Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў пасёлку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, а таксама мастак Павел Татарнікаў за серыю графічных твораў.

У 2012 годзе высокую ўзнагароду атрымаў спектакль “Пінская шляхта” Купалаўскага тэатра.

У 2016 годзе прэмія была ўручана калектыву Вялікага тэатра за оперу “Сівая легенда”.

Дзяржпрэмію за 2020 год прысудзілі скульптару Канстанціну Касцючэнку за  “Вароты памяці” ў мемарыяле “Трасцянец”.

Як бачым, амаль паўтара дзясятка гадоў пісьменнікі дзяржаўнымі прэміямі не ўшаноўваліся. Хаця вылучаліся. Напрыклад, на дзяржпрэмію за 2016 год прэтэндавалі Барыс Крапак – таленавіты біёграф многіх беларускіх культурных дзеячаў і Міхаіл Пазнякоў – аўтар кніг на беларускай мове для маленькіх беларусаў. Аляксандр Лукашэнка (а менавіта ён прымае канчатковае рашэнне па дзяржаўных прэміях) іх творчасць не ацаніў.

У адрозненне ад дзяржпрэміі прэмія “За духоўнае адраджэнне” ўручаецца штогод. Але і тут у спісах лаўрэатаў пісьменнікаў мы не бачым.

У 2010-м годзе прэмія была ўручана выдавецтву «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за стварэнне кніг «Зямля сілы. Белавежская пушча» і «Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII–XIX стагоддзяў». У 2017 годзе была адзначана Нацыянальная біліятэка за працу па факсімільным аднаўленні і папулярызацыі кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Але, як вы разумееце, гэта не літаратурныя творы.

Дык чым жа адзначыліся нашы літаратары, якія на ўсіх магчымых пляцоўках вучаць беларусаў, як жыць?

А яны адзначыліся тым, што ўзнагароджваюць самі сябе.

У Беларусі літаратурныя прэміі ёсць у кожным рэгіёне – у кожнай вобласці. На Гомельшчыне гэта прэмія імя Кірылы Тураўскага, на Брэстчыне – імя Уладзіміра Калесніка, у Віцебску – імя Петруся Броўкі… Нейкі час Саюз пісьменнікаў Беларусі ўганароўваў лепшых прэміяй “Залаты купідон”. Потым на замену ёй прыйшла Нацыянальная літаратурная прэмія Беларусі. Арганізатарам работ па выбары твораў, іх экспертнай ацэнцы і вызначэнні пераможцаў выступае Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і культуры, а таксама – Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пра лаўрэатаў гэтага года мы даведаемся ў верасні на Дні беларускага пісьменства. Калі казаць пра год мінулы, то лепшай паэтычнай кнігай быў прызнаны зборнік вершаў і паэм Алеся Бадака “Уладар ветру”. У намінацыі “Проза” лепшым стаў раман Мікалая Чаргінца “Ён не вярнуўся з бою”, небезвядомы Андрэй Мукавозчык атрымаў прэмію як публіцыст за кнігу «Рэвалюцыя мокрых штаноў» (самі разумееце пра што)…

За драматургічныя творы высокую ацэнку журы атрымала кніга п’ес літаратуразнаўца і празаіка Анатоля Андрэева “Галоўныя словы для каханай жанчыны”. Сярод твораў для дзяцей і юнацтва лідарам стала кніга кароткіх апавяданняў, прыродазнаўчых мініяцюр Алеся Жука « Лаві зайца!»

Ці чакаць нейкага літаратурнага прарыву ад гэтага года – кнігу, якую абмяркоўвала б уся Беларусь? Хацелася б, канешне. Але пакуль выглядае так, што “цудоўнае жыццё ў Беларусі”, пра якое распавядаюць члены пісьменніцкага саюза, на шэдэўры іх не натхняе.

 

ТЫМ ЧАСАМ

Што пачытаць?

Пытанне “Што пачытаць?” час ад часу паўстае перад кожным адукаваным чалавекам. Мы вам пералічым кнігі, якія атрымалі галоўныя міжнародныя ўзнагароды, таму цікавыя ўжо гэтым.

Сярод беларускіх пісьменнікаў адной з самых прэстыжных узнагарод лічыцца прэмія імя Ежы Гедройца. Яна была заснавана з удзелам польскага боку ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці з’яўляўся паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносін паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.

У 2022 годзе ўзнагароду падзялілі так:

Першае месца – Сяргей Абламейка: “Невядомы Мінск. Гісторыя знікнення”. Гэта даследаванне пра гісторыю знікнення Старога Мінска.

Другое месца – Вольга  Гапеева “Самота, што жыла ў пакоі насупраць”.

…Ці звязаная схільнасць да меланхоліі са здольнасцю адчуваць прыгажосць і эмпатыю? Чаму самота – вырак сапраўды «чалавечнага» чалавека? Адсутнасць спачування да жывёл, адмаўленне жанчынам і рабам у правах – як ўсё гэта дзіўным чынам жыве ў адной душы і не знаходзіць месца ў іншай? Персанажы рамана Вольгі Гапеевай шукаюць адказу на пытанні, падарожнічаюць, уступаюць у стасункі, даследуюць паралельныя сусветы людзей, жывёл і вулканаў.

Трэцяе месца – Валеры Гапееў “Жэнька, каралева мышак”.

Гэта гісторыі з жыцця адной беларускай дзяўчынкі.

Як сябраваць, каб было па-сапраўднаму? Як бараніць сябе і сяброў? Як гуляць так, каб было ўсім цікава? Як жыць з гэтымі дарослымі і не крыўдаваць на іх? Як прызнаваць свае памылкі і ці трэба іх прызнаваць? Ці можна плакаць, калі табе надта крыўдна? І як зрабіць так, каб нікому крыўдна не было? Вось такія няпростыя пытанні вырашае галоўная гераіня гэтай кнігі – Жэнька.

Французская пісьменніца Ані Эрно атрымала ў 2022 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Пра яе перамогу Нобелеўскае журы абвясціла з фармулёўкай: “За адвагу і клінічную дакладнасць, з якой яна выкрывае вытокі адчужанасці і калектыўныя абмежаванні асабістай памяці».

Ані Эрно робіць даследчым матэрыялам ўласную біяграфію, фіксуючы ў раманах асабістыя перажыванні і вопыт. Так, яе раман «Мужчынскае месца” (1984) распавядае пра юнацтва пісьменніцы і яе складаныя адносіны з бацькам,  драма “Звычайны запал” (1991) апісвае балючыя і ўзаемазалежныя адносіны закаханай жанчыны, мемуары “Гады» (2008) разгортваюць перад чытачом галерэю вобразаў, гісторый і лёсаў французаў мінулага стагоддзя.

Кнігі Ані Эрно можна набыць у беларускіх інтэрнэт-кнігарнях.

У ліпені 2022 г. міжнародную Букераўскую прэмію атрымаў раман індыйскай пісьменніцы Гітанджалі Шры «Tomb Of  Sand” («Магіла з пяску”).

Гэта першая кніга, напісаная на хіндзі, якая атрымала высокую ўзнагароду. Раман распавядае пра 80-гадовую індыйскую жанчыну, якая вырашыла паехаць у Пакістан, з якім у Індыі шмат дзесяцігоддзяў доўжыцца зацяжны ваенна-палітычны канфлікт. Яе родныя ў жаху, але гераіню не могуць спыніць ніякія межы, і яна мае цвёрды намер наведаць суседнюю краіну.

«У кнізе адлюстраваны пратэст супраць разбуральнага ўздзеяння межаў і абмежаванняў – ці то мяжы паміж рэлігіямі і краінамі, ці то мяжы паміж мужчынам і жанчынай», – гаворыцца ў рашэнні журы.

Гэта кніга беларусам пакуль даступна толькі праз інтэрнэт-бібліятэкі.

Галоўнай літаратурнай прэміяй Расіі ў 2022 годзе стала «Большая книга». Пераможцу выбірала два журы: першае, у якое ўваходзіць каля 100 экспертаў, скалала шорт-ліст, а на заключным этапе некалькі суддзяў вырашалі, каму аддаць галоўную ўзнагароду. У выніку першае месца заняла кніга “Сапраўдная гісторыя Ганны Карэнінай” – не мастацкая, а нон-фікшн літаратура ад даследчыка, літаратуразнаўца і пісьменніка Паўла Басінскага.

Басінскі ўжо станавіўся лаўрэатам гэтай прэміі ў 2010 годзе з кнігай «Леў Талстой: уцёкі з раю», прысвечанай апошнім дням жыцця класіка. «Сапраўдная гісторыя Ганны Карэнінай» стала ў пэўным сэнсе працягам першай працы. У новай кнізе аўтар даследуе паходжанне аднаго з самых вядомых у сусветнай літаратуры жаночых вобразаў. Акрамя таго, Басінскі распавядае пра гісторыю стварэння рамана «Ганна Карэніна».

Працуючы з архівамі і дакументамі, Павел Басінскі высветліў, што на задуму рамана Талстога аказала вялікі ўплыў самагубства эканомкі, якая працавала ў суседнім маёнтку. Жанчына кінулася пад цягнік на бліжэйшай станцыі з-за здрады каханага. Апазнаваць яе прыйшлося самому Талстому.

Басінскі прапануе некалькі пераканаўчых версій таго, хто стаў прататыпам галоўнай гераіні. Гэта і сястра Льва Талстога, у якой таксама быў няшчасны, не прызнаны грамадствам раман і незаконнанароджанае дзіця, і нават старэйшая дачка Аляксандра Пушкіна Марыя Гартунг – апісанне знешнасці Ганны Карэнінай цалкам супадае з абліччам Марыі, якой яе запомнілі сучаснікі, аж да сукенкі і ўпрыгожванняў…

(Кнігу ў Беларусі можна набыць.)

У той жа час многія літаратурныя крытыкі ў Расіі галоўным тэкстам мінулага года называюць раман Дзмітрыя Данілава “Саша, прывітанне!”

Ён трапіў у шорт-лісты асноўных літаратурных прэмій, але ў выніку атрымаў толькі адну, хоць і прэстыжную, узнагароду – прэмію «Ясная Паляна».

Па сюжэце выкладчык літаратуры маскоўскага ВНУ Сяргей закахаўся ў сваю студэнтку, хаця меў жонку. За здраду яго асудзілі на смяротнае пакаранне. Нікога з блізкіх Сяргея не здзіўляе абсурднасць прысуду, да таго, што адбываецца, яны ставяцца абыякава і пакорліва – ну, а што зрабіць, калі такія законы?

Зрэшты, смяротны прысуд – гэта толькі пачатак недарэчнага канца. Бо спосаб пакарання для асуджаных прыдуманы вельмі дзіўны, які не гарантуе ні вечнага спакою, ні забыцця. Кожны дзень смяротніка выводзяць з камеры на шпацыр па калідоры, дзе стаіць «Саша» – кулямёт, пафарбаваны белай фарбай. І невядома, калі канкрэтна, ў які дзень, «Саша» стрэліць. Чаканне смерці становіцца галоўным катаваннем для вязня.

“Абсурд і ірацыянальная жорсткасць у халодных рэалістычных дэкарацыях – дзіўнае і прыгнятальнае спалучэнне, якое нагадвае аб абсалютнай каштоўнасці асабістай свабоды”, – пішуць крытыкі пра гэту кнігу…

(Кнігу таксама можна набыць у Беларусі.)

Ніна ЖВІРКО.