Аляксандр Лукашэнка. Фота з адкрытых крынiц

Аляксандр Лукашэнка:

– Нарэшце многія-многія людзі пачалі разумець, што яны нідзе не патрэбныя, акрамя сваёй зямлі. Нават і тыя, якія ўцяклі з Беларусі, сёння тысячамі звяртаюцца да нас, каб іх вярнулі назад на радзіму. Мы нікога не выганялі з Беларусі. Гэта такая ж іх зямля, як і наша. Але яны шукалі лепшага жыцця, па розных прычынах беглі адсюль. Надышоў час, калі мы, прадстаўнікі ўлады, – я як кіраўнік дзяржавы і вы, святары, нашы людзі – павінны зрабіць крок насустрач гэтым людзям, якія не тое ашалеўшы, не тое на нейкі час страціўшы арыенціры, памыліліся. І будзе, напэўна, па-нашаму, па-праваслаўнаму, калі мы гэты крок насустрач ім зробім.

(Падчас наведвання 7 студзеня 2023 года Свята-Елісавецінскага манастыра на свята Божага нараджэння.)

***

– Наш выбар – стварэнне… Менавіта такім мы хочам бачыць 2023 год – Годам міру і стварэння. І не толькі на сваёй зямлі. Сёння гэта разумеюць нават тыя, хто яшчэ ўчора супрацьпастаўляў сябе дзяржаве, выступаў супраць, як яны кажуць, рэжыму. А сёння яны бачаць у такім рэжыме сваё выратаванне. Працэнтаў дзевяноста тых… Я ўжо казаў пра гэта ў храме. Мы да гэтага гатовыя. У якой форме гэта будзе, які шлях яны павінны прайсці назад да сябе дадому – вам вызначаць.

(З прамовы на святочным прыёме на Стары Новы год.)

 

БЛІЦ-КАМЕНТАРЫЙ

Няма большай пагрозы для краіны, чым “паляванне на ведзьмаў”

Яшчэ нядаўна беларускія ўлады клапаціліся выключна пра ўкраінскіх ды сірыйскіх бежанцаў, уцекачоў з іншых гарачых “кропак”. Але дайшла чарга ўспомніць і пра сваіх. Вайны ў Беларусі няма, а бежанцы ёсць. І гэта не тыя, хто заблытаўся ці шукаў лепшага жыцця, бо такім вярнуцца нішто не перашкаджае. Гэта палітычныя ўцекачы – тыя, хто пакідаў Радзіму, асцерагаючыся арышту і рэпрэсій.

Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што ўлады гатовы зрабіць крок ім насустрач і даручае сваім падначаленым вызначыць, якім будзе гэты крок. Але цяжка ўявіць таго смелага чалавека ў атачэнні Аляксандра Лукашэнкі, які здолее на прамое пытанне: “Што рабіць?” даць прамы адказ – “Абвясціць палітычную амністыю, дараваць”.

Проста таму, што пасля такога адразу будзе занесены ў спіс нядобранадзейных, тых, хто спачувае апазіцыі. Можа паплаціцца і статусам, і пасадай.

Так, прамое пытанне было зададзена ў эфіры тэлеканала СТВ члену Савета Рэспублікі, рэктару Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алегу Дзячэнку. І вось яго адказ:

“Гэтыя людзі, на мой погляд, павінны стварыць годны плод пакаяння. Знаходзячыся за мяжой, яны павінны зрабіць крокі насустрач нашай краіне. Якія гэта могуць быць крокі? Яны могуць прыняць удзел у розных мерапрыемствах за мяжой у падтрымку нашай дзяржавы. Яны крычалі аб увядзенні санкцый. Хай цяпер папрацуюць на тое, каб зняць гэтыя санкцыі. Хай правядуць мітынгі ў Варшаве, Вільнюсе, іншых заходніх дзяржавах за зняцце неправамерных, неабгрунтаваных санкцый супраць нашай краіны. Хай папрацуюць на нашу краіну, на сваю радзіму, якую яны кінулі, з якой яны з’ехалі, якую яны палівалі брудам за мяжой…”

І спадар Дзячэнка дадаў, што тыя, хто «сапраўды раскаяўся», павінны стварыць, «як сказана ў Евангеллі, годны плод пакаяння»… “А мы, беларусы з хрысціянскай душой, далей паглядзім”.

Як бачым, для Алега Дзячэнкі відавочна, што беларусам, якія з’ехалі, трэба даць магчымасць вярнуцца на радзіму. Але прама ён гэтага сказаць не можа, аздабляе сваю пазіцыю умовамі і ўмоўнасцямі.  Ён не можа сказаць і пра тое, чаму сотні тысяч людзей вымушаны былі пакінуць Беларусь. Ён нават баіцца адкрыта сказаць пра масавыя фальсіфікацыі, якія адбываліся падчас падвядзення вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах і што падштурхнула людзей выйсці на пратэстныя акцыі.

Заўважым, для тых, хто сапраўды з хрысціянскай душой, галоўнае не “паглядзім”. Галоўнае – уменне дараваць. Не дарма ж, згодна з Евангеллем, апошнія словы, якія сказаў Ісус Хрыстос у сваім зямным жыцці, – распяты, у перадсмяротных пакутах – быў заклік да даравання. “Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць!” – такімі, згодна з Бібліяй, былі апошнія словы таго, на каго спасылаецца Алег Дз’ячэнка. Ды што яму да святой запаведзі?!

Так што сапраўды па-хрысціянску – гэта ўменне дараваць.

Але нават калі не ўдавацца ў рэлігію… Чаму прэзідэнт Казахстана Сапар-Жамарт Такаеў абвясціў амністыю для ўдзельнікаў крывавых падзей, якія адбыліся ў краіне ў студзені мінулага года? Чаму асабіста адкрываў мемарыял ахвярам тых падзей?

Таму што мудры палітык разумее, што няма большай пагрозы для краіны, чым “паляванне на ведзьмаў”.  Страх – гэта тое, што паралізуе і кожнага асобнага чалавека, і грамадства.

2023-ы год абвешчаны ў Беларусі Годам міру і стварэння… Дык вось, жывучы ў страху памыліцца, засвяціцца, не тое сказаць, не там пабываць, нічога ствараць немагчыма. Творцы, стваральнікі, наватары – гэта выключна вольныя людзі. Вольныя і ў ідэях, і ў думках, і ў дзеяннях.

Так што беларускай уладзе трэба выбіраць: альбо працягваць кампанію рэпрэсій за вольнадумства, альбо браць курс на стварэнне і развіццё.

Хто з падначаленых скажа пра гэта Аляксандру Лукашэнку? Хто адважыцца?

Ірына МАЛЬЦАВА.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.