Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Веніямін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Узлюбленыя архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

Зноў мы з хваляваннем услухоўваемся ў ангельскія словы, якія абвяшчаюць пра найвялікшую падзею ў гісторыі чалавецтва: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь» (Лк. 2, 11).

Кожны з нас сёння становіцца сведкам здзяйснення старажытных прароцтваў пра спасенне чалавека і разам са свяціцелем Грыгорыем Багасловам спасцігае таямніцу прышэсця ў свет Спасіцеля: «Бесцялесны ўцялесніваецца… Нябачны становіцца бачным, Недакранальны становіцца дакранальным, Пазачасавы атрымлівае пачатак. Сын Божы становіцца Сынам Чалавечым».

Любоў Бога да чалавецтва настолькі вялікая, што Ён не проста пасылаў да людзей прарокаў і суддзяў, праз якіх навучаў запаведзям, а «…Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто веруе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ін. 3, 16). Таму нечуваныя раней у свеце словы, абвешчаныя апосталам Іаанам Багасловам: «Бог ёсць любоў», – гэта не плод багаслоўскіх разважанняў. Яны засведчаны Нараджэннем Спасіцеля, Яго зямным жыццём і грамадскім служэннем, Яго пропаведдзю і цудамі, смерцю на Крыжы і Уваскрасеннем.

Менавіта таму нашы сэрцы напоўнены сёння такой невымоўнай радасцю і духоўным лікаваннем. Сын Божы ўвайшоў у наш свет і на векі вечныя злучыў Сябе з чалавекам, стаўшы падобным да нас ва ўсім, акрамя граху, даючы радасць вечнага жыцця, паўнаты быцця з Богам: «Вызвалены быў звязаны Адам і свабода ўсім верным даравана, калі спавівалі Цябе, Спасіцель» (Канон перадсвята Ражджаства). І, паводле слова свяціцеля Іларыёна Кіеўскага, больш не заціснута чалавецтва ў кайданах закону, «а ў Благадаці свабодна жыве».

«Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2, 14), – вось ужо больш за дзве тысячы гадоў гэтыя словы ангелаў гучаць і як абяцанне, і як заклік: заклік ствараць Царства Нябеснае ў сваёй душы, захоўваць мір і любоў паміж людзьмі. Часам нам здаецца, нібыта ад нас мала што залежыць, нібыта ўсё ў нашай гісторыі вырашаецца «моцнымі свету гэтага». Але Гасподзь нарадзіўся не ў царскіх харомах, а ў простай пячоры, быў пакладзены ў яслі для жывёлы і тым самым паказаў, што «Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых» (1 Кар. 1, 27).

Клопаты пра хлеб надзённы, дабрабыт і грамадскае ўладкаванне – усё гэта, несумненна, важна і патрабуе нашага ўдзелу, пакуль мы жывём на зямлі. Але не ў гэтым сапраўдная аснова жыцця чалавека. Колькі б людзі ні спрабавалі вырашыць грамадскія супярэчнасці і пабудаваць гарманічнае грамадства, намаганні не прынясуць добрых пладоў, пакуль не будзе міру ў чалавечай душы.

А гэты мір дасягаецца барацьбой з грахом і няпраўдай у нашым сэрцы, здзяйсненнем добрых спраў і міласэрнасцю да блізкіх. Менавіта ў гэтым крыніца добрых перамен ва ўсіх сферах чалавечага быцця, і Гасподзь праз апостала заклікае нас: «А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая з’яўляецца сукупнасцю дасканаласці» (Кал. 3, 14).

Таму такімі важнымі з’яўляюцца паўсядзённыя і пастаянныя добрыя справы, нават калі яны не здаюцца нам чымсьці значным і вялікім. З іх і складаецца тое, што прыцягвае міласць Божую на нашу зямлю, на наш народ і стварае трывалы падмурак для сямейнага, грамадскага і асабістага жыцця.

Памятаючы пра гэта, напоўнім наша жыццё ўдзячнасцю Богу, радасцю аб Яго вялікіх дабрадзействах і будзем здзяйсняць справы міласэрнасці. Ні пры якіх абставінах не будзем сумаваць і тужыць, а будзем крыніцай мірнага і набожнага духу для ўсіх, хто нас акружае.

Дарагія браты і сёстры! Віншуючы ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстовага і Навалеццем, малітоўна жадаю, каб вашы сэрцы напаўняліся светлай радасцю ў Госпадзе, Які нарадзіўся, каб мір і згода панавалі ў кожным доме, сям’і, ва ўсёй нашай Айчыне і за яе межамі. Добрага вам здароўя, дапамогі Божай ва ўсіх вашых справах, і няхай кожны дзень вашага жыцця будзе асветлены ззяннем Віфлеемскай зоркі.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.