Не жадаеце правесці тры гады ў моры?

Фота з адкрытых крыніц.

1 сакавіка турэцкая круізная кампанія Miray Cruises запусціла продаж пуцёвак на трохгадовы круіз. За гэты час лайнер здзейсніць кругасветнае падарожжа. Мінімальны кошт – 30 тысяч долараў за год на судне.

У праграме тура запланавана наведванне 375 партоў па ўсім свеце. За тры гады вандроўка шэсць разоў перасячэ экватар, турысты наведаюць сем кантынентаў (Новую Зеландыю і Каледонію апошнім часам вылучаюць у асобны кантынент), 135 краін свету і больш за 100 экзатычных выспаў, праплыўшы 130.000 міль. У кожным порце група правядзе па 2–3 дні. Арганізатар тура абяцае, што за час падарожжа група наведае амаль усе цуды свету, якія захаваліся.

Турысты правядуць тры гады на сучасным лайнеры, у якім 400 кают на 1074 пасажыра. Каюты ёсць розных памераў (ад 12 да 25 квадратных метраў) і нават аформлены ў розных стылях.

На борце прадугледжана практычна ўсё, што трэба для жыцця: ад бясплатнага Wi-Fi да ўласнага медцэнтра, куды можна звярнуцца ў выпадку хваробы або для абследавання. Арганізатары сцвярджаюць, што турысты нават змогуць запрашаць у госці блізкіх і сем’і.

Таксама для турыстаў падрыхтавалі праграму забаў: караоке, танцавальныя вечарыны, прагляды фільмаў, спартыўныя мерапрыемствы, сімулятар гольфа, выступленні артыстаў і комікаў, навучальныя лекцыі і майстар-класы.

Кампанія сцвярджае, што гэта першы такі круіз у гісторыі. Ён разлічаны ў асноўным на тых, хто можа працаваць выдалена, а таксама на пенсіянераў, якія хочуць разнастаіць жыццё новымі ўражаннямі. Такім чынам, вандроўка разлічана як на тых, хто хоча працаваць, так і на тых, хто ўжо можа толькі адпачываць.

Круіз стартуе 1 лістапада 2023 года ў Стамбуле і завершыцца, як чакаецца, у канцы 2026 года.

Сяргей ПРАЎДЗІН.