Калонка Алеся Няўвеся

У Гродна 45-гадовы мужчына “пад мухай” занепакоіўся сваім здароўем. Ён забег у аптэку, схапіў з прылаўка лічбавы тэрмометр і ўцёк. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле “Рабаўніцтва”.

Вядома кожнаму ў народзе
І скажуць вам стары й малы,
Што маюць градусы ў прыродзе
Тэмпература і вуглы.
Але найперш вам скажа кожны
(Тым больш прапойцы, рвань ды голь),
Што ў градусах ацэньваць можна
Спірт і наогул алкаголь.
Не мераюць адным прыборам
Тэмпературу і віно.
Якраз пра гэта пагаворым.
Засопшыся, не так даўно
Мужык заскочыў у аптэку,
Вачыма лыпаць стаў вакол.
Магчыма, трэба чалавеку –
І тэрмінова – валідол?
А мо, прабачце, да кандома
Меў дзядзька пільны інтарэс?
Хоць не было пакуль вядома,
Ды нешта трэба пазарэз.
І рады быў мужык без меры,
Як згледзеў ён якісь прыбор.
Схапіў яго і шусь за дзверы!
Сказаць іначай – проста спёр.
Аптэкарка павалюхала
З ім услед.
– Зладзюга, стой!
Ёй на рабоце плацяць мала,
Яшчэ й аддасць заробак свой.
Была пагоня хуткай вельмі,
І драла даць мужык не змог,
Бо рабаваў, заліўшы бельмы,
Калі ўцякаў – валіўся з ног.
Задаў пытанне неўзабаве
Яму ў міліцыі маёр
(Ён допыт вёў па гэтай справе):
– Навошта быў табе прыбор?
Ты ўкраў яго сп’яна ці здуру?
Тым больш што атрымаўся пшык…
– Хацеў сваю тэмпературу
Памераць я, – сказаў мужык, –
Бо арганізму вельмі блага,
Гарыць-палае ўсё ўнутры,
А раніцой даймае смага.
Яшчэ сканаю без пары,
Не дажыву, на жаль, да лета…
Таму прыбор такі і спёр!
Яму, “няшчаснаму”, на гэта
Сказаў з ухмылкаю маёр:
– Адной нагою ты ў магіле,
Дык загадзя папа заві,
Бо ўжо не градусы – праміле
Патрэбна мераць у крыві.
Не ўсмак ясі, ды п’еш уволю,
І галавой сваёй пустой
Ты не даўмеў: для алкаголю
Патрэбны “градуснік” не той…

 

Бясплатны адвакат

Бясплатны адвакат па-чалавечы
Паспачуваў “падшэфнаму” свайму
І аказаў паслугу, калі рэчы
Адвезці дапамог яму ў турму…

Сапраўдныя мужчыны

Фарбуюць (тут няма навіны)
Свае пазногцікі тайком
І мужыкі, нібы феміны.
Аднак сапраўдныя мужчыны
Фарбуюць толькі малатком!

Фантазёрка

Адна дзябёлая кабета
Так расказала мне пра “гэта”:
– Прызнаюся: часінай той
Сябе ўяўляю я худой,
А мужа – сексуальным хватам.
Але галоўнае – багатым…

Не дачакаюцца…

Яшчэ ў людзей запал не згас,
І вераць нашы грамадзяне,
Што прыйдзе іх шчаслівы час!
Ды іх, як прыйдзе ён, не стане…

Першым чынам

Калі вярэдзіцца душа
Ці проста дапякае боль,
Мы ў леках вывучым спярша:
Ці сумяшчальны алкаголь…

Найлепшыя чары

Усякім выражбіткам грош цана,
Яны галовы дураць нам, лічы.
А чарамі найлепшымі здаўна
У нас усё ж лічыліся баршчы.

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.