Ю. Голуб і Р. Барадулін пасля сустрэчы з чытачамі. 1985 г.

Сабраць том выбраных твораў заўчасна памерлага Юркі Голуба прапанаваў мне яго даўні сябар Алесь Жук. “Збяры ты Юркавы кніжачкі, у тым ліку самвыдатаўскія, ён марыў пра добрае выбранае. І пра творцаў Гродзеншчыны ёсць у Юркі выдатныя артыкулы. Зрабі, Міхась”.

І я зрабіў. Прыкладна год пайшоў на тое, каб падрыхтаваць да друку ладны том на 560 старонак пад назвай “Дыханне трыснягоў: паэзія, эсэ, артыкулы, абразкі, эпісталярый”, які пабачыў свет летась, акурат да 75-годдзя Юркі Голуба.

Уклаўшы творчую спадчыну земляка і напісаўшы прадмову, я зразумеў, што кнізе не хапае пасляслоўя – сяброўскага, развітальнага. І звярнуўся да Алеся Аляксандравіча – напішыце. Усё ж у вас за спінай больш за паўстагоддзя сяброўства з Голубам, якое пачалося ў далёкім 1965-м, са студэнцкай лаўкі.

Жук пагадзіўся, але чамусьці не спяшаўся выканаць маю просьбу. Кніга ўжо вярсталася, угодкі набліжаліся, а абяцанага пасляслоўя не было.

Пісьменніцкая творчасць – справа асабістая, таемная, і падганяць, тым больш прымушаць Алеся Жука я не мог. Ведаў пра яго хваробы, бачыў, як цяжка яму даецца сядзенне за пісьмовым сталом. Падчас кожнай тэлефоннай размовы Алесь Аляксандравіч супакойваў мяне, маўляў, “слоўца пра Юрку” ўжо “зляпілася” ў ягонай галаве, застаецца толькі перанесці на паперу. Ды нешта ўсё не пераносілася.

Не дачакаўшыся, я набраўся нахабства, прыйшоў да Жука з дыктафонам і прапанаваў яму нагаварыць тое пасляслоўе. Алесь Аляксандравіч катэгарычна адмовіўся і патлумачыў, што ён – пісьменнік, а значыць павінен пісаць, а не дыктаваць. І паказаў старонку ўжо напісанага тэксту, нават прачытаў некалькі сказаў услых (“як табе пачатак?”). Захацеў нешта паправіць, і тут я пабачыў, з якімі намаганнямі Жуку даводзілася пісаць, скручаныя артрытам пальцы ледзь трымалі асадку. Сам працэс пісання прыносіў яму фізічныя пакуты, і маларазборлівы почырк выглядаў як трывожная кардыяграма (пісьменнік раней перанёс складаную аперацыю на сэрцы).

І ўсё ж слова пра сябра было напісана – праз нямогласць, праз боль. Свой пісьменніцкі і сяброўскі абавязак Алесь Жук выканаў.

“Не ўсе нашы лясы згарэлі, не ўсе пасечаны сады...”
Алесь Жук. Адзін з апошніх здымкаў.

З гэткім самым пераадоленнем нямогласці і болю пісалася і апошняя, пакуль нявыдадзеная кніга эсэ пра тых, з кім Жук сябраваў, з кім яго зводзілі жыццёвыя дарогі, – пра гісторыка Мікалая Улашчыка і паэтку Ларысу Геніюш, пра старэйшых і равеснікаў па літаратурным цэху Міхася Стральцова, Рыгора Семашкевіча, Яўгенію Янішчыц…

Пасля Юркі Голуба Алесь Жук намерваўся напісаць пра сябра і паплечніка Анатоля Кудраўца, чыю кнігу “За дальнім прычалам” лічыў узорам у жанры літаратурнага партрэта. Не паспеў. Відаць, таксама толькі ў галаве “зляпілася”.

Згадаўся Кудравец, і ўспомнілася, як Алесь Жук аднойчы падараваў мне свой двухтомнік. Разгарнуўшы першы том, я са здзіўленнем пабачыў на тытуле аўтограф: “Анатолю Кудраўцу – з тым, што не ўсе нашы лясы згарэлі, не ўсе пасечаны сады. 6.07.1993. А. Жук”. Падумалася, што Алесь Аляксандравіч проста памылкова зняў з паліцы не тыя тамы. Аказалася – якраз тыя. “Ты ж таксама прозу Кудраўца любіш, вазьмі, лішнім у тваёй бібліятэцы Толеў двухтомнік не будзе,” – сказаў Жук. І расказаў, як яны з Кудраўцом сабраліся адзначыць выхад таго двухтомніка. Цэлы дзень адзначалі і наадзначаліся так, што Анатоль Паўлавіч у вясёлым самазабыцці адбыў дахаты, забыўшыся на падарунак…

Што ж, умелі сябры і за бяседным сталом нясумна пасядзець, і неслабую чарку ўзяць. Але ж і пісаць умелі!

Мала хто ведае, што Алесь Жук у маладосці пісаў і друкаваў вершы, наведваў на філфаку БДУ паэтычнае літаб’яднанне “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. Неяк я запытаўся ў Алеся Аляксандравіча, ці не губляецца адчуванне рыфмы ў празаіка, які ў маладосці грашыў вершамі. Аўтар двух тамоў дабротнай прозы іранічна пасміхнуўся, зняў з паліцы сваю кнігу “На дазорнай сцяжыне” і сходу напісаў на тытуле вершаваны інскрыпт: “Самалёты маюць соплы, / зграя мае важака, / а бібліятэка Скоблы / мецьме поўны збор Жука!”.

“Не ўсе нашы лясы згарэлі, не ўсе пасечаны сады...”
Студэнты БДУ І. Станкевіч, А. Жук і Ю. Голуб. 1965 г.

Рыфму і музыку верша ён адчуваў як мала хто з паэтаў, паэтычных твораў памятаў безліч, у размове любіў працытаваць радкі Стральцова, Пысіна, Гаўрусёва, Ахматавай, Буніна, Салаухіна… Пра Буніна Алесь Жук ведаў усё. Праўда, і ён не разумеў, як аўтар “Антонаўскіх яблыкаў” і “Чыстага панядзелка” ўсяго за пяць гадоў прашэйгаў Нобелеўскую прэмію і потым амаль галадаў, жывучы на скупыя ахвяраванні сяброў.

Свежавыдрукаваны том Юркі Голуба я адразу завёз Алесю Жуку – як ініцыятару выдання. Яму спадабалася рознажанравасць кнігі, для першачарговага чытання ён пазначыў закладкай дзённік паэта. І паабяцаў неяк паказаць свае дзённікі, выказаўшы клопат, ці знойдзецца каму падрыхтаваць іх да друку. Каб не напаткаў іх лёс дзённікаў Янкі Брыля, калі фактычна не выконваецца апошняя воля пісьменніка адносна іх публікацыі.

Прыкладна за тыдзень да сыходу Алесь Аляксандравіч пазваніў каля поўначы – мы з ім былі “совамі” і мелі дамову наконт позніх званкоў. Пазваніў проста так, без пільнай патрэбы – “захацелася пачуць твой голас”. Прызнаўся, што нядужыцца, але “нічога, Ніна даглядае”. Жонка Ніна Мікалаеўна сапраўды цярпліва і клапатліва даглядала яго.

Пагаварылі пра нядаўна ўсталяваны помнік на магіле Юркі Голуба. Жук сказаў, што добра было б выбіць на надмагільнай пліце радкі, якія гучаць як аўтаэпітафія: “На дзіва маладыя дні / у краі сонечным і росным. / I ты не думаеш ані, / што і памерці тут зайздросна”. Згадалі і пра дзённікі, якія Алесь Аляксандравіч лічыў пасмяротным жанрам.

І вось – настала пасмерце. Хочацца спадзявацца, што сустрэнуцца з варштатам Скарыны і дзённікі Алеся Жука, і кніга мемуарных эсэ, дзе будзе і слова пра Юрку Голуба – апошні твор пісьменніка. А паколькі наклад кнігі “Дыханне трыснягоў” мізэрны (усяго 150 асобнікаў), то, думаецца, не лішнім будзе тое слова і на старонках “Народнай Волі”.

Міхась СКОБЛА.

 

А зорнае святло засталося… 

Друкавацца Юрка Голуб пачаў рана, як і большасць з нас, хлопцаў-першакурснікаў, якіх на беларускім аддзяленні філфака БДУ быў з дзясятак. Выкладчыкі ведалі, што мы паступілі вучыцца на пісьменнікаў і адносіліся да нас з увагай і павагай. Голуб быў вядомы найбольш і ўжо друкаваўся даволі рэгулярна. З Юрам мы жылі ў студэнцкім інтэрнаце ў адным пакоі, на лекцыі хадзілі разам, сядалі побач звычайна на апошнім радзе, бо лекцый не канспектавалі, а пісалі свае першыя кнігі.

На заняткі мы хадзілі праз Купалаўскі сквер, так мінчане называлі  Цэнтральны сквер, пакуль у ім стаяў бюст Купалы. А перад скверам быў  кіёск “Саюздруку”, у якім мы рэгулярна куплялі газеты. А паколькі мы былі пакупнікі пастаянныя, то маглі набыць і тое, што не заўсёды ляжала на прылаўку. Гэта былі газета “Życie Warszawy” і сатырычны часопіс “Szpilki”.  У “Życie Warszawy” можна было прачытаць тое, чаго не было ў савецкіх газетах.

Наш сябар Рыгор Семашкевіч, які скрупулёзна збіраў усё новае, што з’яўлялася ў друку пра Ганну Ахматаву, знайшоў у гэтым выданні невядомыя яму факты. Ілюстраваны часопіс “Szpilki” з сатырычнай падсветкай асвятляў сацыялістычнае жыццё ў Польшчы, закранаў таксама тэмы эратычныя і сексуальныя, часам гэта рабілася дасціпна, а часам даволі бессаромна.

У тым скверы Юра прачытаў мне неяк верш пад назвай “Адчайнае пра мову”, які нарадзіўся на хаду: “Твой голас ціхім не слыў, / светам даўно прызнаны. / А сціхнеш – пайду ў лясы, / як бацькі ішлі ў партызаны”.

Мы абодва ведалі, што гэтага верша ніхто не надрукуе, ніякая цэнзура яго не прапусціць. Я думаў, што верш знік у забыцці гадоў, неяк пры сустрэчы нагадаў Юру пра яго. Ён усміхнуўся і сказаў, што верш надрукаваны ў зборнічку “Поруч з дажджом”, ужо ў ХХІ стагоддзі.

У 1960-я гады рэпрэсаваныя ў часы сталіншчыны пісьменнікі былі рэабілітаваныя, але творы іхнія яшчэ не перавыдаваліся і былі практычна недаступныя для шырокага кола чытачоў. Дзякуючы Семашкевічу ці некаму іншаму з выкладчыкаў, мы з Юрам займелі чытацкія білеты ў навуковую залу Ленінкі (цяпер Нацыянальная бібліятэка). Там мы мелі доступ да бібліяграфіі і магчымасць заказваць патрэбную нам літаратуру. Перакусіўшы ў факультэцкім буфеце, мы, як на працу, хадзілі ў бібліятэку, пакуль не перачыталі ўсе падшыўкі “Полымя”, “Маладняка”, “Узвышша”, цэлую гару забароненых раней кніг.

Я ўжо гаварыў пра дэмакратычнасць факультэцкіх выкладчыкаў, але роўных загадчыку кафедры беларускай літаратуры Міхасю Рыгоравічу Ларчанку не было. На лекцыях па старажытнай беларускай літаратуры ён прасвяшчаў студэнцкую аўдыторыю вершамі маскоўскіх паэтаў-шасцідзесятнікаў – Еўтушэнкі, Раждзественскага, Ахмадулінай, Салаухіна (дагэтуль помню яго “Ваўкоў”). Але найбольш чытаў вершы пра каханне – на радасць студэнткам, і тады вочы яго свяціліся маладымі зялёнымі агеньчыкамі.

Таксама дэмакратычна прымаў Ларчанка залікі і экзамены. Неяк у дзень заліку Юру спатрэбілася па дарозе на факультэт аднесці пераклады вершаў Анатолю Вялюгіну. Той складаў зборнік вершаў Хаіма Мальцінскага, многія пераклады заказаў Семашкевічу і Голубу. У той час, як мы прыйшлі, у Вялюгіна гасцілі кіношнікі, для якіх ён паспяхова пісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў. Вядома ж, мы былі далучаныя да застолля і ледзь паспелі на залік – ужо заўважна захмялелыя. На наша шчасце, Міхась Рыгоравіч папрасіў сабраць залікоўкі і пакласці яму на стол. Потым браў залікоўку, падымаў студэнта для адказу з месца і ставіў залік. Гэта і выратавала нас з Юрам, бо потым было б вельмі няёмка перад паважаным чалавекам.

Блізкім наша сяброўства з Юрам было да канца вучобы, а потым я пайшоў у войска, а Голуб стала атабарыўся ў Гродне. Працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, а потым доўгі час на абласным тэлебачанні. Быў я ў яго першай кватэры, двухпакаёўцы на ўскраіне, раён яшчэ працягваў забудоўвацца.

Праз акно з кухні была відаць пустка з абломкамі жалезабетонных пліт, іншае будаўнічае смецце. Заўважыўшы, што Юра глядзіць на мяне і чагосьці ўсміхаецца, я спытаўся – чаго?

“Вось так Васіль Быкаў сядзеў на тваім месцы і ўсміхаўся. Я таксама спытаўся – чаго?” – “Я, Юра, не здзіўлюся, калі з-за бетонных абломкаў пакажацца галава і бінокль у руцэ”, – пажартаваў Быкаў. Ён тады ў Гродне перажываў не лепшыя часіны ў жыцці, таму і стараўся залішне не маячыць у горадзе.

Быў я і ў новай кватэры Голуба, ужо чатырохпакаёвай, на праспекце Будаўнікоў. Аднойчы, будучы ў Мінску, ён сказаў мне, што “бацькі горада” намерваюцца дапамагчы пісьменнікам з жыллём, і што не зашкодзіла б заслаць ім адпаведнае пісьмо ад Саюза пісьменнікаў. Мы зайшлі ў СП да Івана Чыгрынава. Той ахвотна адгукнуўся на просьбу, сказаў, што пісьмо сачыніць на найвышэйшым узроўні. Не ведаю, што найбольш спрацавала: найвышэйшы ўзровень пісьма, ці тое, што ўся Гродзеншчына добра ведала Голуба як тэлевядучага літаратурных перадач.

У мяне ёсць усе Голубавы кніжкі, я многа памятаю асобных вершаў, строф, радкоў, нават мыслю імі. Але ўсё напісанае паэтам я прачытаў толькі пасля таго, як яго не стала. Прачытаў і зразумеў, што ёсць паэзія Юркі Голуба, і сам ён сёння зусім па-іншаму бачыцца – як паэтычная постаць, а не аўтар паасобных вершаў. Ёсць цэлы паэтычны свет паэзіі Голуба. Ён валодаў сваім, толькі яму ўласцівым моўным ладам, на дзіва беларускім нават сваім унутраным гучаннем.

Талент Юркі Голуба мог рэалізавацца толькі ў беларускім нацыянальным асяроддзі, існаваць толькі ў ім. Гэту сутнасць паэзіі Голуба адразу адчулі прафесіяналы. Старэйшы і больш вопытны ў літаратуры Вячаслаў Адамчык, пішучы аўтограф на сваёй кнізе з серыі “Бібліятэка беларускай прозы”, пачаў з галоўнага: “Нацыянальнаму паэту  Юрку Голубу”… І – далей свае пажаданні.

Голуб тонка адчуваў слова, знаёмае і прывычнае ён мог так уставіць у сказ, што яно набывала новае адценне, высвечвалася новым падтэкстам. “Глянула, як яблычак дала. / Кажушку расшпіленаму – воля. / І румянец шугануў здаля / Маладым у росквіце вуголлем”.

У гэтай страфе нечаканае бачанне свету і чалавека, свабода ў валоданні словам, метафарычнасць, асацыятыўнасць – характэрнае ўжо сталаму Голубу. Часам метафарычнасць ланцуговая, асацыятыўнасць занадта вольная. Я, асвойваючы яго вобразныя роскіды, бывала жартаваў: “Юра, а ты часам сам не заблытваешся ў сваіх асацыяцыях і метафарах?”. Ён аджартоўваўся: “Каму дадзена, той разбярэцца, каму – не, то і не трэба”.

Або вось такія два радкі: “За дымкамі і вербам цяплей / На халоднай дарозе планеты”. Гэта яшчэ і адказ на пытанне, адкуль пачынаецца Радзіма – ад гэтых самых вербаў у канцы вёскі.

Не абмінаў паэт і жыццёвай надзённасці, нават публіцыстычнасці: “Гэты – сэрцам не высах / у людзях, сіняве. / Той жа – горлам у высях, / а сумленне ў хляве”.

Гэта пра мяшчанства. А я і не думаў, што Юрка Голуб – мой саюзнік у нянавісці да мяшчанства, пасеянай у душы яшчэ Чэхавым.

У беларускай пасляваеннай паэзіі па нацыянальнай сутнасці таленту, па адметнасці ладу пісьма, па непаўторнасці мастацкіх прыёмаў, па асацыятыўнасці, метафарычнасці і ўменні валодаць моваю відавочна вырысоўваюцца дзве постаці – Рыгор Барадулін і Юрка Голуб. Іхняя паэзія пазнавальная з першага позірку.

Мне грэе душу веданне, што творчасць Юркі Голуба ўпарадкавана і пакінута нашчадкам – у выглядзе кнігі “Дыханне трыснягоў”. Нездарма ж, дружа Юра, калісьці зашчымела табе беларускае слова. І ты змог распарадзіцца ім і сказаць як выдыхнуць: “А сягоння так прасторна ў свеце, / Як на дзень сяўбы ці кірмаша, / Што насеннем, кінутым на вецер, / Адляцела ў свет мая душа”.

Душа адляцела, а зорнае святло яе навечна засталося над нашым прасторам асвятляць яго і саграваць.

Алесь ЖУК.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.