Калонка Алеся Няўвеся

У Мастах маладзён схаваў пад курткай прадукты, а калі ахоўнікі прымусілі яго на касе крамы выкласці ўкрадзенае, нягоднік дастаў са штаноў і прадэманстраваў свой палавы орган.

Гэта ўжо, на жаль, не нова,
Што крадуць прадукты з крам.
Ловіць злодзеяў ахова
Пастаянна, тут і там.
З-за таго любая крама –
Быццам мытня ў нас, лічы.
Маладзён рашыў таксама
Сцібрыць нейкія харчы.
Насаваў ён шмат пакетаў
У кішэні, пад палу,
І ахоўнікі за гэта
Ледзь не вутнулі ў скулу.
Прывялі яго да касы.
– З-пад палы, з усіх кішэнь
Даставай свае запасы,
Каб не соўгалі ў каршэнь.
Б’ём не моцна мы, ды трапна…
– Вось вам гэтага ўзамен! –
Ён дастаў з прарэшка раптам
Палавы, прабачце, член.
Мову страцілі касіркі,
Перш чым злыдня мацакі
Павялі ад кас за шкіркі.
Для яго зыход які?
Атрымаў бы штраф зладзюга,
Менш рабіў бы глык і гам.
Зараз з воляй будзе туга –
Ён, выходзіць, хуліган.
Лёс паставіцца варожа,
Як пашле яго ў турму…
І ніхто даўмець не можа:
Красці ён пайшоў чаму?
Можа, жонка маладая
Кожны дзень яго кляне,
Бо адчайна галадае?
Высвятляецца, што не.
Мо хацеў ён пахваліцца
Тым “багаццем”, што між ног,
Каб касірка-маладзіца
Прывяла на свой парог?
Не пазвала б да парога,
Бо ў красуні гэткіх – цьма!
Дый зайздроснага нічога
У яго між ног няма…
Можа, нават не ад юру
Расшпіліў свае штаны,
А без дай прычыны, здуру?
Мо наогул ён дурны?
Гэта стане нам вядома,
Спачувацьмуць злыдню ўсе,
Калі следчаму з дурдома
Ён даведку прынясе.

* * *

Пра чарговага дэбіла
Гаварылі ў нас здаўна,
Што не ўсіх дурных забіла,
Выбачайце мне, вайна.

“Вегетарыянка”

З роднай жонкай –
Не з каханкай! –
Ложак я дзялю здаўна.
Раптам вегетарыянкай
Захацела стаць яна.
Праз яе задуму гэту
Часта маю бледны від:
Парушае ўсё ж дыету,
І звярыны апетыт
(Ён, прынамсі, не жаночы)
Прачынаецца ў яе:
Мозг мой есць і ўдзень, і ўночы,
Кроў маю няшчадна п’е…

 
Раніца не вінавата

Любая раніца – як свята,
Як зноў народзіны, лічы.
Яна зусім не вінавата,
Што ты не выспаўся ўначы…

 
Дарога ў пекла

Калі не дагаджаем Богу,
У пекла трапім – і хана.
Таму прывабнаю дарогу
Туды нам робіць сатана…

Хто не п’е і не курыць?

Словы то не мае –
Аднаго чалавека:
“Хто не курыць, не п’е,
У таго іпатэка…” 

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.