
Амерыканскае выданне Sportico склала спіс 50 самых высокааплатных спартсменаў за ўсю гісторыю. Ацэнка іх стану ўключае не толькі заробкі, бонусы і прызавыя, але таксама ганарары ад выступаў і аўтабіяграфічных кніг, рэкламныя даходы і так далей, атрыманыя да 2022 года да выліку падаткаў.
Узначаліў рэйтынг Sportico баскетбаліст Майкл Джордан, кар’ера якога стартавала ў 1984 годзе – з гэтага моманту ён здолеў зарабіць 3,3 мільярда долараў з улікам інфляцыі, ці 2,37 мільярда ў намінальным выражэнні. Шмат у чым фінансавыя поспехі Джордана будуюцца на выгадным партнёрстве з брэндам Nike – дзякуючы яму ён атрымаў тры чвэрці названай сумы.
Таксама ў топ-10 рэйтынгу (з папраўкай на інфляцыю) патрапілі наступныя атлеты:
— гальфіст Тайгер Вудс (ЗША) – даход 2,5 мільярда долараў;
— гальфіст Арнольд Палмер (ЗША) – 1,7 мільярда долараў;
— гальфіст Джэк Ніклаўс (ЗША) – 1,6 мільярда долараў;
— футбаліст Крышціяну Раналду (Партугалія) – 1,58 мільярда долараў;
— баскетбаліст Леброн Джэймс (ЗША) – 1,53 мільярда долараў;
— футбаліст Ліянэль Месі (Аргенціна) — 1,48 мільярда долараў;
— баксёр Флойд Мейвезер (ЗША) – 1,41 мільярда;
— тэнісіст Роджэр Федэрэр (Швейцарыя) — 1,38 мільярда;
— гальфіст Філ Мікельсан (ЗША) – 1,36 мільярда.
Больш за ўсё ў рэйтынгу прадстаўнікоў НБА (Нацыянальнай баскетбольнай лігі Амерыкі) – 13 чалавек. Увогуле 62 працэнты рэйтынгу складаюць грамадзяне ЗША.
Адзінай жанчынай у спісе апынулася тэнісістка Серэна Уільямс, якая з 600 мільёнаў долараў размясцілася на 38-м месцы.
Сяргей ПРАЎДЗІН.