Настаў час “вялікай вады”

За апошнія некалькі дзён Міністэрства па надзвычайных сітуацыях зафіксавала затапленні дарог і прыватных падворкаў у чатырох абласцях Беларусі — Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай. На некаторых рэках ўзровень вады падымаецца з хуткасцю 80 сантыметраў за суткі.

Так, у некаторых месцах да небяспечна высокай адзнакі вада на прытоках Прыпяці – рэках Случ і Цна, на Заходняй Дзвіне ў Полацку, на Бярэзіне ў раёне Барысава.

Ужо перавышаны небяспечныя высокія адзнакі на Заходняй Дзвіне ля Верхнядзвінска, на Прыпяці ў раёне Петрыкава, на рацэ Пціч каля вёскі Першая Слабодка, рацэ Друць у раёне вёскі Гарадзішча і на прытоку Сожа — рацэ Проня.

Хутчэй за ўсё расце ўзровень вады на рэках басейнаў Заходняй Дзвіны — да 80 см за суткі. Вада ў рэках Бярэзіна і Сож падымаецца з інтэнсіўнасцю да 23 см за суткі, на Дняпры — да 16 см за суткі, на Прыпяці — да 5 см за суткі.

Адначасова з гэтым у рэках басейнаў Нёмана і Віліі спецыялісты фіксуюць спад узроўняў вады – яна сыходзіць.

Спецыялісты адзначаюць, што ў бліжэйшыя дні на захадзе Беларусі вада ў рэках пойдзе на спад, аднак у астатніх рэгіёнах краіны ўзровень вады працягне расці, хоць і з меншай інтэнсіўнасцю.

Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.