Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота з адкрытых крыніц

Па выніках візіту ў Мінск міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова стала вядома, што абмяркоўвалася сітуацыя з вязнямі-грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, якія адбываюць пакаранне ў беларускіх турмах і калоніях.

«Мы абмяркоўвалі сёння сітуацыю з грамадзянамі Расіі, якія затрыманы ў Беларусі. Мы будзем кіравацца працэдурамі, якія існуюць», – працытавала Лаўрова інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.

Зразумела, што самая вядомая з вязняў – Сафія Сапега, якой 10 лютага гэтага года споўніцца 25 гадоў. Яна была затрымана разам з Раманам Пратасевічам падчас пасадкі самалёта Raynair, пайшла на супрацоўніцтва са следствам, але ўсё роўна была асуджана на шэсць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні варожасці і незаконным распаўсюдзе звестак аб сілавіках. Сафія напісала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, ён нават гаварыў, што “шкада дзяўчыну”, але яе просьбу пакінуў без задавальнення.

Пасля заявы Сяргея Лаўрова СМІ зрабілі выснову, што падчас візіту абмяркоўваўся менавіта лёс Сафіі Сапегі. Між тым грамадзян Расіі ў беларускіх турмах значна больш.

У мінулым годзе пасольства Расіі ў нашай краіне паведамляла, што ў беларускіх турмах і калоніях адбывалі пакаранне больш за 300 расіян, яшчэ каля сотні чакалі вынясення прыгавораў у СІЗА.

У Маскоўскай Хельсінкскай групе паведамлялі, што крымінальны пераслед як мінімум 11 грамадзян РФ быў звязаны менавіта з пратэстамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Лёс некаторых з гэтых людзей з таго часу змяніўся.

Так, Аляксандру Геджадзе суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў тры гады калоніі па абвінавачанні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Наколькі вядома, такое пакаранне было вынесена за тое, што Аляксандр на каршэрынгавым аўтамабілі перавозіў шыны, з якіх потым, як палічылі следства і суд, мітынгоўцы будавалі барыкады. Аляксандр адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі, але ў мінулым годзе быў пераведзены ў расійскую калонію. Геджадзе стаў першым палітзняволеным-расіянінам, якога Беларусь перадала Расіі.

Па тым жа артыкуле, а таксама за «незаконнае перасячэнне мяжы» ў Беларусі быў асуджаны Андрэй Новікаў, які падчас выбараў з’яўляўся валанцёрам каманды Святланы Ціханоўскай.

Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаеве, пасля школы паехаў вучыцца ў Расію, жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у ваенных аперацыях на тэрыторыі Чачні. Пасля вярнуўся ў Беларусь, жыў на Пастаўшчыне. Новікава яшчэ ў 2020 годзе дэпартавалі з Беларусі, забараніўшы ўезд у краіну на 10 гадоў. Але ён вярнуўся да сям’і. У выніку – новы суд і 2,5 года калоніі. Тэрмін пакарання скончыўся 31 кастрычніка мінулага года, пасля чаго мужчыну дэпартавалі ў Расію і перадалі ФСБ.

16 гадоў зняволення ў Беларусі атрымаў расіянін Дзмітрый Папоў – мадэратар сацсетак Сяргея Ціханоўскага. Справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэнні, таму цяжка сказаць, за што канкрэтна яго асудзілі. Згодна з апошняй інфармацыяй, у кастрычніку мінулага года Папоў быў пераведзены з бабруйскай калоніі ў жодзінскую турму.

Расіянін Ягор Дуднікаў быў асуджаны на 11 гадоў зняволення за «распальванне варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі». У чэрвені мінулага года ўмовы адбыцця пакарання яму зрабілі больш жорсткімі, і Дуднікаў быў пераведзены з калоніі ў турму.

На 10 гадоў зняволення ў Беларусі асуджаны жыхар Чабаксар Антон Лысаў. Ён – адзін з тых, каго абвінавацілі ў падпале аўто старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксея Волкава.

Самы вялікі тэрмін зняволення беларускі суд “адмераў” 34-гадоваму Андрэю Паднябеннаму – 16 гадоў і восем месяцаў зняволення. Ён грамадзянін Расіі, хаця з шасці гадоў жыве ў Беларусі. КДБ унёс Паднябеннага ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. І разгляд справы, і нават зачытванне прыгавора ў Гомельскім абласным судзе праходзілі ў закрытым рэжыме. Але неафіцыйна вядома, што ён падпаліў міліцэйскі аўтамабіль і пракалоў шыны некалькіх дзясяткаў тралейбусаў.

За абразу прадстаўніка ўлады і хуліганства на 1,5 года калоніі быў асуджаны  ваенны пенсіянер, грамадзянін РФ Ігар Капанайка. Ён быў пакараны за тое, што заліў мантажнай пенай дзверы супрацоўніцы міліцыі. Капанайка цалкам адбыў пакаранне і ў сакавіку мінулага года быў дэпартаваны ў Расію.

За рэп уласнага сачынення адзін год зняволення атрымаў расіянін Яўген Пятроў. Яго асудзілі па артыкуле “Абраза прэзідэнта». Пакаранне скончылася летам мінулага года, пасля чаго Яўгена дэпартавалі ў Расію.

Паводле артыкула аб «паклёпе на прэзідэнта» ў Беларусі пакаранне прызначылі і 58-гадовай Ірыне Вікхольм. Расіянка размясціла ў твітары рэпост артыкула рускай службы Бі-Бі-Сі аб пасадцы ў Мінску самалёта з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапега, дадаўшы да яго свой каментар. Пасля адбыцця пакарання, у верасні мінулага года, яна была дэпартавана ў Расію з забаронай уязджаць у Беларусь на працягу 10 гадоў.

Адсядзеў год і ўжо выйшаў з беларускай калоніі расіянін Даніла Чамаданаў. Ён правініўся тым, што разам з іншымі вадзіў карагод у Брэсце. Як паведамляюць расійскія праваабронцы, Даніла за ўвесь тэрмін зняволення ні разу не бачыў расійскага консула.

Такім чынам, заклапочанасць Лаўрова лёсам арыштаваных у Беларусі грамадзян не выглядае шчырай. Усім зразумела, што, каб Расія хацела, – даўно б дабілася іх вызвалення. Хаця гісторыя Сафіі Сапегі мела ў Расіі вялікі рэзананс. Справа ў тым, што незаконнае распаўсюджванне звестак аб тых ці іншых асобах у Расійскай Федэрацыі караецца штрафам ці папраўчымі работамі, а распальванне нянавісці альбо варожасці першы раз увогуле караецца толькі адміністрацыйна. Такім чынам, прысуд у шэсць гадоў пазбаўлення волі, вынесены Сафіі беларускім судом, і для юрыстаў, і для журналістаў, і для праваабронцаў стаў своеасаблівым шокам. Таму і ўзнялася кампанія ў абарону дзяўчыны. Ну а тое, што па тых жа абвінавачваннях у Беларусі выносяцца і значна больш жорсткія прысуды, ні Лаўрова, ні шырокую расійскую грамадскасць проста не цікавіць.

 

Што меў на ўвазе міністр Лаўроў, калі казаў пра “працэдуры, якія існуюць”?

Гэта можна зразумець са слоў Антона Гашынскага, адваката Сафіі Сапегі:

– Цяпер будзем прасіць, каб яе адправілі адбываць пакаранне ў Расійскую Федэрацыю. У далейшым у яе будзе права звярнуцца да прэзідэнта Расіі з просьбай аб вызваленні ад адбыцця часткі пакарання, якая застанецца. Далей запускаецца досыць працяглая працэдура па пераводзе ў Расію. Але для пачатку на гэта павінен пагадзіцца беларускі бок. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ён не супраць гэтага, таму будзем спадзявацца, што Сафію адправяць у Расію. Запыт мы пададзім найбліжэйшым часам, – адзначыў Гашынскі.

Іван ШАЎЛЮК.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.