28-ы год “Народная Воля” – на інфармацыйным полі Беларусі.
28-ы год – штодзённая барацьба за выжыванне.

28-ы год газета, якая нясе людзям ПРАЎДУ, – костка ў горле ўлад.
Вось біяграфічная хроніка незалежнага выдання:
Выхад першага нумара газеты – 11 ліпеня 1995 года.
1 кастрычніка 1995 года друкуецца ліст галоўнага рэдактара:

“Шаноўныя чытачы!

Дарагія прыхільнікі “Народнай Волі”!

Я пішу гэтыя радкі ў суботу, калі за акном лье халодны восеньскі дождж. Але на душы ў мяне цёпла і светла. Прыўзняты настрой таму, што нарэшце здзейснілася даўняя мара. І не толькі мая, а, спадзяюся, і ўсіх, хто заклапочаны лёсам нашай шматпакутнай Беларусі, хто робіць усё для таго, каб хутчэй скінуць з яе абсягаў шэрую калючую коўдру ўдушлівай таталітарна-камуністычнай сістэмы, хто скіроўвае актыўныя намаганні на ўсталяванне сапраўды дэмакратычнага ладу, жыцця па людскіх законах, а не па законах воўчай зграі.

З сённяшняга дня газета “Народная Воля” пачынае свой новы адлік – выходзіць як штодзённае выданне.

Першая рэспубліканская штодзённая незалежная, недзяржаўная газета! Шчаслівай будучыні табе, наша ластаўка!..”

Лётаць бы і лётаць “нашай ластаўцы”, ды не паспела яна стаць на крыло, як ужо 10 кастрычніка раздаўся смяротны выстрал. Нечаканая тэлефонаграма кіраўніцтва выдавецтва “Беларусі Дом друку”: чарговы нумар друкавацца не будзе, дагавор, заключаны на чацверты квартал, скасоўваецца.

Зразумела, вышэйшая ўлада больш не можа цярпець газету, якая з першых нумароў заняла адкрытую і чэсную пазіцыю. А як жа з дэмакратыяй? З памятным абяцаннем Аляксандра Лукашэнкі: “Калі я стану прэзідэнтам, прэса будзе свабоднай”?

Нішто не дапамагло – ні тэлеграма на імя А.Лукашэнкі, які стаў прэзідэнтам і да якога рэдакцыя звярнулася з настойлівай просьбай прыняць экстранныя меры па аднаўленні законнасці і забяспячэнні выхаду газеты. Спатрэбіліся вялікія высілкі, каб чарговыя тры нумары “Народнай Волі” былі аддрукаваны на базе мінскай паліграфічнай фабрыкі “Чырвоная зорка”.

І тут – канчатковая блакада! Цэрберы з вышэйшых паверхаў улады выкруцілі рукі дырэктару фабрыкі “Чырвоная зорка” У.Целешу і “Народную Волю”, якая не парушыла ніводнага закона, выкінулі і з гэтай друкарні.

26-ы нумар газеты быў адтыражаваны ў… Літве. Пацягнуліся невыносна цяжкія эміграцыйныя дні з лістапада 1995-га па ліпень 1996 года.

Вяртанне на Радзіму выпакутавалі, але ў дзяржаўныя друкарні шлях быў закрыты. Выручыла прыватнае прадпрыемства “Мэджік”.

Не доўга музыка іграла. Літаральна праз тры месяцы гнусны наезд на “Мэджік” і “Народнай Волі” нічога не заставалася, як у чарговы раз апынуцца ў Вільнюсе. Толькі 19 лістапада 1997 года аднавілася друкаванне газеты на сабраным з металалома станку таго ж “Мэджіка”. Крыху пазней удалося вярнуцца ў “Чырвоную зорку”.

Памятаеце, што адбывалася ў тыя часы ў нашай краіне? Палітычная сцюжа чаргавалася больш-менш спакойным надвор’ем і нават кароткімі перыядамі адлігі. Праўда, для “Народнай Волі” фактычна нічога не мянялася – затрыманні аддрукаваных тыражоў, вобыскі, суды, штрафы… У другой палове 2005 года ўлады пайшлі на самую жорсткую дыскрымінацыю газеты. 28 верасня на працягу літаральна некалькіх гадзін рэдакцыя атрымала факсы ад “Белсаюздруку”, “Мінгарсаюздруку” і ад друкарні “Чырвоная зорка” – усе ў адначассе разрывалі супрацоўніцтва з “Народнай Воляй”. А перад гэтым – вырак суддзі Ленінскага раёна г.Мінска Любові Валевіч аб спагнанні з рэдакцыі газеты 100 мільёнаў рублёў (!), у эквіваленце прыкладна 50 тысяч долараў. У такую фантастычную суму вылілася пакаранне за публікацыю, звязаную з расследаваннем закуліснага супрацоўніцтва з іракскім дыктатарскім рэжымам Садама Хусейна  Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі на чале з сумнавядомым С.Гайдукевічам.

Улады разлічвалі на тое, што рэдакцыя не здолее выстаяць, калектыў супрацоўнікаў зломіцца, саступіць у барацьбе за высокія ідэалы. У адказ 30 верасня 2005 года на першай старонцы “Народнай Волі” быў надрукаваны Адкрыты ліст пад загалоўкам “На калені не станем!”. У гэтым жа нумары даваўся адказ на пытанне, чаму газету так не любяць улады.

“Таму, што рэгулярна падымаем тэму “эскадрона смерці”, знікнення вядомых людзей – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага? Скажыце, а Шэйман, маўчаў бы, калі б прапаў нехта з яго самых блізкіх? А Лукашэнка? А Навумаў? А Сівакоў? А Паўлічэнка?

“Народная Воля” зачапіла Гайдукевіча? Дык у свеце і не такіх выцягваюць “за вушка ды на сонейка”. Вунь дыпламатаў ААН цярэбяць за іракскую нафту! А колькі Ліберальна-дэмакратычная партыя на чале з тым жа Гайдукевічам атрымала квот ад тырана Хусейна? Калі верыць інфармацыі, змешчанай на сайтах амерыканскага ўрада, дык больш чым на шэсць мільёнаў барэляў.

Праз каго, якіх аператараў пампавалася “чорнае золата”, колькі грошай у выглядзе так званых адкатаў трапіла на асабістыя рахункі дыктатара, колькі засталося ў кішэнях яго кліентаў?

Пытанні такога кшталту мы маем права задаць і спадару-таварышу Гайдукевічу. Але лепш, каб адказаць на іх яго папрасіў пракурор…”

Да сённяшняга дня грамадскасць не пачула ад пракурораў і суддзяў адказу на гэтае і іншыя пытанні (напрыклад, ці сплаціў С.Гайдукевіч адпаведныя падаткі?). А ў тыя драматычныя дні на старонках аднаго з нумароў газеты з’явілася шапка: “Народная Воля” – у смяротнай небяспецы!” Каб уратаваць выданне, на гэты раз было вырашана друкаваць газету у Смаленску, за некалькі соцен кіламетраў ад Мінска.

Аднавіць свае законныя правы “Народнай Волі” пашчасціла толькі праз многа гадоў. Заключыўшы па-новаму дамову з “Беларускім Домам друку”, “Белсаюздрукам” і “Мінскгарсаюздрукам”, калектыў рэдакцыі жыў спадзяваннямі, што, нарэшце, скончыўся тэрор у адносінах да свабоднага слова. І падумаць не маглі, што наперадзе чакаюць яшчэ больш жудасныя выпрабаванні. Асабліва востра адчулі гэта напрыканцы 2020 года.

З чым звязана чарговае паляванне ўлад на незалежную прэсу – можна не тлумачыць, усе ведаюць. Не будзем каментаваць паасобку рэпрэсіўныя дзеянні ў адносінах непасрэдна да “Народнай Волі” – на суд чытачоў прадстаўляем шэраг дакументаў, якія сведчаць пра няўмольнае змаганне рэдакцыі за права выдаваць газету ў друкаваным выглядзе. Заўважым, без усялякіх падстаў і нават без папярэдняга паведамлення нумар “Народнай Волі” за 21 жніўня 2020 года не быў адтыражаваны ў “Беларускім Доме друку”, які напрамую падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дамова з рэдакцыяй была скасавана як быццам з-за таго, што “зламаўся друкарскі станок”. Трэці год пайшоў, а праблема так і не вырашана. Нягледзячы на тое, што ўлады любяць паўтараць – “у нас свабода слова”. Якая ж гэта свабода, калі такая жудасная дыскрымінацыя “Народнай Волі”.

Няма сэнсу ў гэтым плане нешта дапаўняць. Шаноўныя чытачы, перад вашымі вачамі ксеракопіі дакументаў, якія пакуль нас і, вядома ж, вас, не могуць радаваць. Але шчыра скажам: народавольцы не намераны здавацца, будзем змагацца і далей за нашу дэмакратычную ластаўку. Чарговы крок – рыхтуем іск у суд з тым, каб па закону прымусіць “Беларускі Дом друку” аднавіць дагавор з УП “Народная Воля” на друкаванне газеты. Беларусь не можа заставацца без адзінага незалежнага грамадска-палітычнага выдання. Прыхільнікі свабоднага слова маюць права чытаць актуальныя матэрыялы газеты не толькі ў фармаце PDF-версіі, а і ў друкаваным выглядзе.

“Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца... “Народная Воля” змагаецца...“Народная Воля” змагаецца...

“Народную Волю” выдаюць свабодныя журналісты для свабодных людзей!

Мы служым не ўладзе.
Мы служым не партыям.
Мы служым не алігархам.
Мы служым не апазіцыі.

Мы служым свайму сумленню.
Мы служым Свабодзе Слова.
Мы служым Дэмакратыі,
якая на першае месца ставіць
сілу закона, а не закон сілы.
Мы служым Чалавеку, які мае
не толькі абавязкі, але і правы.
Мы служым Вам, шаноўныя чытачы!
Мы служым роднай Беларусі!

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.