
Прэзідэнт Сербіі падпісаў загад аб прывядзенні Сербскай арміі ў баявую гатоўнасць найвышэйшага ўзроўню.
Аляксандр Вучыч загадаў войскам тэрмінова рухацца ў напрамку адмінмяжы з Косавам і Метохіяй. Прычына такіх дзеянняў — неспакойная сітуацыя на поўначы Косава, паведамляюць сербскія выданні.
Раней у пятніцу дзясяткі косаўскіх сербаў сабраліся ў дварах трох муніцыпальных адмінбудынкаў на поўначы Косава ў муніцыпалітэтах Зубін-Паток, Лепасавіч і Звечан, каб не дапусціць новых мэраў-албанцаў, якія прынялі прысягу, да выканання сваіх абавязкаў, паведамляе Prishtina Insight. Сербы байкатавалі апошнія выбары ў Косава і лічаць іх вынік нелегітымным.
Пратэстоўцы пабудавалі барыкады, якія не дазвалялі новым мэрам уваходзіць у муніцыпальныя будынкі.
Косаўская паліцыя пачала разганяць пратэстоўцаў з дапамогай слёзацечнага газу, на месцы былі чутныя стрэлы і выбухі, раздавалася сірэна. Паліцыя абвясціла, што дапамагае новаабраным мэрам рэалізаваць сваё права працаваць у афіцыйных муніцыпальных будынках.
Міністр абароны Сербіі Мілаш Вукчэвіч заявіў, што войска выканае загад сербскага прэзідэнта Вучыча. Ён абвінаваціў Прышціну ў эскалацыі сітуацыі.