На лаве падсудных топ-менеджары «Газпрам трансгаз Беларусь»

Суд па справе аб карупцыі ў «Газпрам трансгаз Беларусь» пачаўся ў Мінску. Як паведамляе БЕЛТА, абвінавачанымі па справе праходзяць тры былыя топ-менеджары «Газпрам трансгаз Беларусь»: намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Андрэй Шабан, начальнік вытворчага аддзела аўтаматызацыі Ігар Гедрановіч і начальнік аддзела канкурэнтных закупак філіяла «Упраўленне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і камплектацыі» Вадзім Дзямешка.

Яны абвінавачваюцца ў тым, што, займаючы названыя пасады ў «Газпрам трансгаз Беларусь», з 2019 па 2022 год атрымлівалі хабары за садзейнічанне пры правядзенні конкурсных працэдур, заключэнні і выкананні дагавораў, а таксама мантажы абсталявання.

На лаве падсудных таксама знаходзіцца прадстаўнік аднаго з суб’ектаў гаспадарання Цімур Клюеў, якому інкрымінуецца даванне хабару абвінавачанаму Ігару Гедрановічу за забеспячэнне перамог у працэдурах закупак, заключэння і выканання дамоваў з «Газпрам трансгаз Беларусь». Агульная сума хабараў склала больш за 208 тысяч рублёў, на стадыі папярэдняга расследавання на маёмасць абвінавачаных коштам звыш пяці мільёнаў рублёў, накладзены арыштю Акрамя таго, імі выплачаны даход, атрыманы злачынным шляхам, у памеры больш за 88 тысяч рублёў.

Андрэю Шабану і Ігару Гедрановічу было выстаўленае абвінавачванне паводле ч.3 арт. 430 (дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой гэтага артыкула, учыненыя асобай, раней судзімым за злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 430, 431 і 432 гэтага Кодэкса, альбо ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча), Вадзіму Дзямешку — паводле ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, або шляхам вымагальніцтва, або групай асоб па папярэдняй змове, або ў буйным памеры), Цімуру Клюеву — паводле ч. 2 арт. 431 (даванне хабару паўторна, альбо ў буйным памеры, альбо з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).