Днямі ў Мінску ў Выканкаме СНД прайшло пасяджэнне працоўнай групы па падрыхтоўцы і правядзенні ў Беларусі ў 2023 годзе II Гульняў краін СНД.

“Правядзенне гульняў запланавана з 4 па 14 жніўня ў 11 гарадах Беларусі па 20 відах спорту, – заявіў намеснік старшыні выканкама СНД Бекетжан Жумаханаў.Хачу адзначыць, што сёлета органы Садружнасці на ўсіх узроўнях надалі асобную ўвагу пытанням падрыхтоўкі II гульняў краін СНД.

Разглядаюцца магчымасці запрашэння краін, якія не з’яўляюцца сябрамі СНД. Цяпер прапрацоўваюцца пытанні па ўдзеле ў асобных відах спорту дэлегацый з Манголіі, Кітая, Кубы, Ірана, Амана і Саудаўскай Аравіі”.

Увогуле, плануецца, што ў Гульнях СНД прымуць удзел дэлегацыі Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Адным словам, кампанія можа сабрацца нядрэнная. Ва ўмовах ізаляцыі, калі беларускія спартсмены апынуліся на ўзбочыне міжнароднага спартыўнага жыцця, і такія Гульні за шчасце.

Мяркуючы па ўсім, удзел у Алімпіядзе нашым спартсменам не свеціць, і ўсім зразумела, што ў параўнанні з Алімпійскімі гульнямі гэтыя самыя Гульні краін СНД – не больш, чым вясковае шоу. Такі своеасаблівы міні-чэмпіянат СССР, які могуць разбавіць спартсмены з Манголіі, Кубы ці Ірана…

Тут варта ўспомніць, што каля сарака гадоў таму быў такі турнір, як “Дружба-84”. Гэта была серыя міжнародных спаборніцтваў, якія праводзіліся ў чэрвені-верасні 1984 года ў дзевяці гарадах “сацыялістычнага лагера”.

Напярэдадні стала вядома, што СССР вырашыў байкаціраваць Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе. У пастанове Палітбюро ЦК КПСС тады пра “спорт па-за палітыкай” не казалі: “Лічыць нематэзгодным удзел савецкіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях у Лос-Анджэлесе з-за грубага парушэння амерыканскім бокам Алімпійскай хартыі, адсутнасці неабходных мераў забеспячэння бяспекі для дэлегацыі і разгорнутай у ЗША антысавецкай кампаніі”.

Партыйныя і спартыўныя функцыянеры тады неаднаразова падкрэслівалі, што спаборніцтвы “Дружба-84” – гэта не альтэрнатыва Алімпіядзе, аднак усім было зразумела, што гэта своеасаблівы “наш адказ Чэмберлену”.

Безумоўна, нельга праводзіць стопрацэнтныя паралелі паміж сёняшнімі Гульнямі СНД і “Дружбай-84”, але, як не прыкра канстатаваць, сёння свет ізноў вяртаецца ў часы, калі спартсмены становяцца закладнікамі не толькі халоднай вайны.

“Ва ўмовах ізаляцыі выхад з сітуацыі – ладзіць шоу, аб’ядноўвацца краінамі і даваць сваю альтэрнатыву міжнароднай лёгкай атлетыкі, – заявіла беларуская лёгкаатлетка Анастасія Мірончык-Іванова. – Аб’ядноўвацца краінамі СНД, Кітай, Арабскія Эміраты. Калі будзе канкурэнцыя, калі будуць дзве сістэмы змагацца, то будзе канкурэнцыя. А ў канкурэнцыі нараджаюцца вынікі”.

Невядома, каму будуць цікавыя такія вынікі і такія турніры, але, як кажуць, калі няма рыбы, то і рак – рыба. Тым больш, што за ўдзел у Гульнях СНД спартсменам штосьці і заплацяць. Можа быць, прызавыя будуць не такія вялікія, як за алімпійскія медалі, але ж лішняя капейка не пашкодзіць.

Важна толькі не падкідваць чэпчыкі ўгору з нагоды правядзення ў Беларусі “грандыёзнага спартыўнага форума”. Не трэба блытаць Алімпіяду з мясцовым шоу.

Алесь СІВЫ.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.