
Як паведамляла “Народная Воля”, на пачатку гэтага года быў затрыманы святар Дыянісій Карасцялёў, які ў навагоднім набажэнстве прачытаў запіску аб здароўі “воінаў і абаронцаў Украіны“. Нехта з прыхаджан паскардзіўся “куды і каму трэба”, святар быў затрыманы.
Цяпер стала вядома, што гэта гісторыя мае працяг.
У інтэрнэце з’явіўся ліст мітрапаліта Веньяміна, датаваны 4 студзеня і адрасаваны благачынным Мінскай епархіі. Правячы архіерэй адхіліў святара ад здзяйснення святадзействаў (фактычна, забараняе ў служэнні) да прынясення пакаяння. На думку мітрапаліта Веніяміна, малітва за абаронцаў Украіны “справакавала сярод вернікаў непаразуменне і спрэчкі”.
Нагадаем, што ў той самы час у Мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры не проста моляцца, але і адкрыта збіраюць дапамогу расійскім ваенным, якія ваююць супраць Украіны. Тут мітрапаліт Веніямін нічога спрэчнага не бачыць. Ды што казаць, з яго вуснаў ні разу не прагучала абурэнне ваеннай агрэсіяй крамлёўскіх імперцаў.
Святар Дыянісій Карасцялёў – сын вядомага ў Мінску святара Ігара Карасцялёва – старшыні Сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемадзеянні з казацтвам, старшыні Сінадальнага аддзела БПЦ па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі, благачынны 2-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель прыхода храма іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”. Дарэчы, на Вадохрышча мітрапаліт Веніямін асвячаў ваду менавіта ў гэтым храме.
Ніна ЖВІРКО.
Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.