
Кандыдат на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі футбола распавёў, як збіраецца выводзіць айчынны футбол з крызісу ў выпадку свайго абрання.
“Народная Воля” ўжо інфармавала, што асноўны кандыдат на пасаду кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола – былы старшыня Віцебскага аблвыканкама, член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалай Шарснёў.
Зараз ён таксама – начальнік Галоўнага ўпраўлення інвестыцыйна-вытворчай дзейнасці і адміністрацыйна-гаспадарчых пытанняў Акадэміі навук Беларусі.
22 сакавіка адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя Федэрацыі футбола. Ужо дакладна вядома, што акрамя дзеючага старшыні Уладзіміра Базанава, рашэнне балатавацца прыняў і Мікалай Шарснёў.
«Сама прапанова балатавацца стала для мяне нечаканасцю, – кажа М.Шарснёў. – Тым не менш канстатую факт. Віцебская федэрацыя футбола вылучыла маю кандыдатуру. А далей я ўсё ўзважыў, падумаў і даў згоду. Бо зразумеў – гэта цікава, гэта – добры выклік.
Чаму не я?! У нас ёсць кіруемасць у краіне. Мы можам усё. У тым ліку, адрадзіць масавы і дзіцячы футбол, што таксама вельмі важны момант. Інтарэсы дзяржавы, футбольнага актыву і бацькоў супадаюць: трэба выхоўваць актыўнага, сумленнага, моцнага духам і целам чалавека”.
Мікалай Шарснёў таксама канстатаваў, што «каманда Базанава зрабіла шмат, а тое, што няма выніку, – гэта дрэнна”.
«Тым не менш беларусы гуляюць ва ўсіх турнірах, фінансаванне ад УЕФА і ФІФА ідзе, – адзначыў кандыдат. – У тым, што нам даюць грошы на развіццё, няма нічога дрэннага. Насупраць! Аднак футбол – гэта яшчэ і вынік. А сённяшняя безвыходнасць надакучыла і балельшчыкам, і самім спартсменам. Па маім цвёрдым перакананні, зараз мы маем таксама разгубленасць, за якой стаіць самае страшнае, – раўнадушша. І як толькі яно пачынае дамінаваць – усё валіцца з рук. Мэтанакіраванасці няма, няма матывацыі. Пра фанатызм і марыць не даводзіцца. Але ў людзей павінны гарэць вочы!
А пытанне “чаму наша зборная дрэнна гуляе?» не такое простае – гэта і фізічная падрыхтоўка, і матывацыя. А мой рэцэпт просты: пахаць!.. Трэніравацца, трэніравацца і яшчэ раз трэніравацца. На жаль, на тым узроўні, на якім я да гэтага часу ўзаемадзейнічаў з футболам, неабходнага фанатызму не бачыў. Трэба выпраўляцца”.
Мікалай Шарснёў заявіў, што верыць у магчымасць сфарміраваць каманду аднадумцаў, у якую ўвойдуць не толькі людзі з федэрацыі.
«Няхай гэта прагучыць пафасна, але, калі я бяруся за справу, до даводжу яе да розуму”, – аптымістычна завяршыў Шарснёў.
Зрэшты, абяцаць у нас многія майстры. А вось куранят, як вядома, лічаць па восені…
Алесь СВЯТЛАНІЧ.