
Толькі праз месяц пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што генеральны дырэктара ААТ «Белшына» знаходзіцца ў следчым ізалятары, прозвішча Андрэя Бунакова ўсё ж такі прыбралі з сайта прадпрыемства.
«Народная Воля» падрабязна распавядала пра гэтую гісторыю.
Верагодна, на “Белшыне” чакалі, што сітуацыя неяк вырашыцца на карысць Бунакова. Тым больш што сам Аляксандр Лукашэнка прызнаваў, што шмат хто з высокапастаўленых чыноўнікаў пра тое рупіўся.
Нагадаем сутнасць прэтэнзій да цяпер ужо былога кіраўніка аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны.
«Што зрабіў гэты генеральны дырэктар «Белшыны»: ён заключае дамову з нейкімі расійскімі… Ну, я іх жулікамі называю. Інакш не назавеш. Заключае дагавор, што ён будзе толькі ім прадаваць гэтыя шыны на прыкладна 16–20% ніжэй за сабекошт. Такі попыт на іх сёння! Грошы шалёныя плацяць горназдабываючыя прадпрыемствы, перш за ўсё ў Расіі. Вязі – не хачу. У страту прадае гэтыя шыны, – распавядаў Аляксандр Лукашэнка ў сярэдзіне лютага, – і калі (па дамове) ты адмовішся ад продажаў, як мы табе скажам, ніжэй за сабекошт, то будзеш кожны год паўмільёна долараў плаціць няўстойку».
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што пасля затрымання генеральнага дырэктара яму тэлефанавалі адразу некалькі кіраўнікоў высокага дзяржаўнага ўзроўню са словамі пра тое, «які ён быў добры».
Андрэй Бунакоў быў прызначаны генеральным дырэктарам ААТ «Белшына» 23 красавіка 2020 года. Да гэтага прызначэння ён займаў пасаду намесніка старшыні канцэрна “Белнафтахім».
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Светлагорску. Як напісана ў афіцыйнай біяграфіі, скончыў Беларускі камерцыйны ўніверсітэт кіравання па спецыяльнасці “Правазнаўства”, Акадэмію кіравання па спецыяльнасці “Інавацыйны менеджмент”, Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі па спецыяльнасці “Сучасная замежная мова (эканамічная дзейнасць)».
З 1997 года працаваў у ААТ «СветлагорскХімвалакно» на розных пасадах, ад юрысконсульта да намесніка генеральнага дырэктара. Са жніўня 2015 года – генеральным дырэктарам ААТ «Полацк–Шкловалакно».
Ігар МАРОЗАЎ.