
Мінскі аўтазавод за першыя тры месяцы гэтага года вырабіў 382 адзінкі пасажырскай тэхнікі — у гэты лік увайшлі аўтобусы, тралейбусы і машынакамплекты для вырабу тралейбусаў на расійскіх прадпрыемствах.
Высветлілася, што так шмат пасажырскіх машын за трохмесячны перыяд на Мінскім аўтазаводзе яшчэ не выпускалі. «Пастаўлены новы рэкорд, – паведаміў выданню «Аўтазаводзец МАЗ» намеснік камерцыйнага дырэктара па рэалізацыі пасажырскай тэхнікі-начальнік УППТ Уладзімір Дормаш. — Папярэдні высокі паказчык быў дасягнуты ў 2008 годзе – тады МАЗ выпусціў з канвеернай лініі 354 аўтобусы».
Па словах топ-мэнэджара, цяпер фіксуецца істотнае павышэнне попыту на пасажырскі транспарт. І калі летась МАЗ вырабіў 1250 адзінак такой тэхнікі, то план на 2023-ы – 1800 аўтобусаў, тралейбусаў і электробусаў, уключаючы машынакамплекты. Пры гэтым сёння прадпрыемства наогул не працуе на склад – уся прадукцыя вырабляецца толькі пад канкрэтныя заказы.