
Па падліках калег, пасля 2020 года 81 беларускі адвакат быў пазбаўлены ліцэнзіі.
Зноў скандал у адвакацкім асяроддзі. Аксана Белая, адвакат журналісткі Марыны Золатавай, суд над якой ідзе літаральна зараз, не прайшла атэстацыю.
Стаж працы Аксаны Белай у адвакатуры – амаль 20 гадоў. І вось цяпер, калі адвакат абараняла ў гучным судовым працэсе адну з самых вядомых прадстаўніц беларускай незалежнай журналістыкі, кваліфікацыйная камісія Мінюста прызнала, што вопытны адвакат “недастаткова кваліфікаваная” і не можа выконваць свае абавязкі.
Падобныя навіны ўвесь мінулы год паступалі з прыкрай рэгулярнасцю. Прафесія адваката стала небяспечнай. Працы, якой аддаў жыццё, можна пазбавіцца ў любы момант. Нават саміх сябе адвакаты не могуць абараніць.
“Народная Воля” вырашыла пацікавіцца, ці ва ўсіх рэгіёнах краіны ўвогуле засталіся адвакаты: хаця б некалькі абаронцаў на раён? Бо, пагадзіцеся, калі ў райцэнтры ёсць міліцыя, пракуратура, суд, то грамадзяне павінны мець і доступ да кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі.
Да ведама
У ліпені мінулага года ў Беларусі прайшоў з’езд адвакатаў, на якім была зацверджана Канцэпцыя развіцця адвакатуры да 2030 года. У гэтым дакуменце канстатуецца: “Дынаміка змены колькасці адвакатаў за апошнія пяць гадоў сведчыць аб тэндэнцыі да колькаснага памяншэння нацыянальнага адвакацкага корпуса. Так, у 2017 годзе ў адвакатуры працавала 2 127 адвакатаў, тады як на 1 студзеня 2022 года колькасць адвакатаў зменшылася да 1872”.
Мы прывыклі, што ва ўсіх афіцыйных рапартах канстатуеца паляпшэнне тых ці іншых бакоў жыцця беларусаў, але што тычыцца кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі людзям, то, як бачыце, афіцыйна было прызнана, што сітуацыя пагоршылася. Але наколькі сур’ёзная праблема?
Віцебск. На сайце абласной калегіі адвакатаў пазначаны ўсе юрыдычныя кансультацыі рэгіёна, усе кантактныя дадзеныя, прозвішчы адвакатаў, якія працуюць.
У самім Віцебску, зразумела, юрыдычныя кансультацыі ёсць, і яны вялікія. Семнаццаь адвакатаў працуюць у Оршы, чатырнацаць – у Полацку, дзесяць – у Наваполацку.
Затое ў Дубровенскім раёне няма ніводнага адваката. Аналагічная сітуацыя ў Расонскім і Ушачскім раёнах.
Аднаго адваката на ўвесь раён маюць Шумілінскі, Шаркаўшчынскі, Сенненскі, Докшыцкі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Бешанковіцкі раёны.
Магілёўшчына. Адвакатаў няма ў Слаўгарадскім і Круглянскім раёнах. Адзін адвакат на рэгіён у Бялыніцкім, Глускім, Горацкім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Клімавіцкім, Клічаўскім, Краснапольскім, Мсціслаўскім, Чаўскім, Чэрыкаўскім, Хоцімскім раёнах. Прасцей сказаць – амаль ва ўсіх раёнах вобласці маецца толькі па адным адвакаце. Ці ж можа адзін абаронца разарвацца на запатрабаванне многіх з тых, хто трапіў пад юрыдычную адказнасць?
Міншчына. Калі вы будзеце шукаць адваката ў Любанскім раёне, то прачытаеце аб’яву, што звяртацца трэба ў Салігорск па папярэднім запісе. Калі вам спатрэбіцца адвакат ва Уздзенскім раёне, трэба будзе ехаць у Дзяржынск. Такім чынам, недахоп спецыялістаў, якія бароняць людзей, назіраецца і ў Прысталіччы.
На Брэстчыне, Гродзеншчыне, Гомельшчыне сітуацыя з адвакатамі значна лепшая – хоць па адным, але абаронцы ёсць ва ўсіх раёнах. Вось толькі ўдумайцеся: што такое адзін адвакат на раён?!
Чым жыхары Слаўгарадскага раёна горшыя за жыхароў, напрыклад, Століна. Толькі ў Слаўгарадскім раёне з 13 тысячамі жыхароў няма ніводнага адваката, а ў Століне з тымі ж 13 тысяч жыхароў іх тры.
Чаму жыхары Расон, Ушач, Дуброўна вымушаны ехаць да адваката ў суседні раён, у абласны цэнтр, у Мінск? Гэта ж усё патрабуе дадатковых выдаткаў, дадатковых грошай.
Кваліфікацыйная калегія Мінюста пазбаўляе адвакатаў ліцэнзій. А пра тое, што ў Беларусі ёсць цэлыя рэгіёны, дзе людзі проста не маюць магчымасці зярнуцца да адваката, маўчыць. Дык Мінюст гэта карны орган ці ўсё ж такі орган, які абавязаны забяспечыць раўнапраўе і законнасць? Cёння ў Беларусі сітуацыя такая, што трэба не адбіраць у адвакатаў ліцэнзіі, а, наадварот, выдаваць іх як мага больш, заахвочваць юрыстаў ісці ў адвакаты. Бо наяўнасць якой-ніякой юрыдычнай дапамогі гэта ўсё роўна лепш, чым яе адсутнасць.
Іван ШАЎЛЮК.
ТЫМ ЧАСАМ
Па падліках калег, пасля 2020 года 81 беларускі адвакат быў пазбаўлены ліцэнзіі.
9 адвакатаў зараз знаходзяцца ў зняволенні.
25 студзеня 2023 года кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў Мінскай абласной калегіі адвакатаў.
Па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прынята рашэнне аб немагчымасці выканання адвакатамі Белай Аксанай Уладзіміраўнай, Волкавай Наталляй Міхайлаўнай, Дзямідчык Вольгай Валер’еўнай, Дзям’янчуком Сяргеем Пятровічам сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі.
Кваліфікацыйнай камісіяй таксама прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да Лішанковай Таццяны Віктараўны (адвакат палітвязняў Паўла Севярынца, Паўла Вінаградава, Насты Лойка, Андрэя Чапюка, Таццяны Вадалажскай, затрымана 29 лістапада 2022 года) і Пігуля Дзмітрыя Мікалаевіча (затрыманы супрацоўнікамі КДБ 28 верасня 2022 года, як мяркуецца, за разгалошванне дадзеных папярэдняга следства або закрытага судовага пасяджэння, абараняў фігурантаў па справе ініцыятывы, прызнанай эстрэмісцкай) у сувязі з ужываннем да іх Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Калегіі за «здзяйсненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
Публікацыя з № 8 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.