Марына Адамовіч: “Нават не ведаю, дзе муж зараз знаходзіцца…”

Жонка палітыка Мікалая Статкевіча распавяла “Народнай Волі” пра пяцімесячную ізаляцыю мужа.

Нагадаем, што Статкевіч быў затрыманы 31 мая 2020 года па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай.
Палітык быў арыштаваны на 15 сутак, затым прайшоў яшчэ адзін суд, які пакараў яго яшчэ 15 суткамі. На волю ён так і не выйшаў. 14 снежня 2021 года Мікалаю Статкевічу быў вынесены прысуд паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў) — 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.

Таксама МУС уключыла Статкевіча ў спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
Адбывае пакаранне палітык у Глыбоцкай калоніі…

— З 9 лютага пра Мікалая нічога не чуваць, — кажа яго жонка Марына Адамовіч. – Апошні ліст прыйшоў пяць месяцаў таму. Нават не ведаю, дзе ён зараз знаходзіцца – ці то ў штрафным ізалятары, ці то ў памяшканні камернага тыпу.

Але трэба разумець, што Мікола сядзіць на камерным рэжыме па вызначэнні, бо адбывае пакаранне ў калоніі асаблівага рэжыму. Таму як мінімум трэць тэрміна ён будзе знаходзіцца ў камеры.

Пасля этапа яго адправілі ў ШІЗА, а затым у адзіночную камеру памерам метр на тры. Пры гэтым большую частку часу праводзіў не ў камеры, а ў штрафным ізалятары.
А дзе канкрэтна зараз знаходзіцца, як ужо казала, нават і не ведаю. Магчыма, увесь час у ШІЗА. Можа, нейкія прасветы былі, але ў мяне пра гэта няма ніякай інфармацыі.

— Адвакат не наведвае Мікалая?

— Адваката не пускаюць апошнім часам, кажуць, што, як быццам, няма ад мужа заявы на спатканне з абаронцам.

Я ў гэта, натуральна, не веру. Ведаю, што пасля візіта адваката Мікола адразу ж піша наступную заяву на сустрэчу. Іншая справа – куды ўсё гэта знікае?

— А перадачы ці дазволены?

— За год толькі адну бандэрольку перадала Міколу, яшчэ зімой. У калоніі асаблівага рэжыму і так дазволена толькі адна перадача і дзве бандэролькі, але і гэтага практычна пазбавілі.

— Вы працягваеце мужу пісаць лісты?

— Безумоўна, але я нават не ведаю, ці атрымлівае іх Мікола.

— Вы звярталіся ў Дэпартамент выканання пакаранняў, каб прасвятліць сітуацыю?

— І ездзіла туды, і пісала ім шмат разоў. Перапіска ж зняволеным не забаронена. А з калоніі мне адказалі, што я Мікалаю адправіла 43 лісты, а ён мне сорак. Гэта, мякка кажучы, няпраўда, таму што толькі з канца студзеня, калі я ізноў пачала нумараваць лісты, адправіла мужу сорак пасланняў. Таму за ўвесь час адправіла ў калонію не сорак, а значна больш лістоў.

ИсточникСяргей ЗАБЛОЦКІ.
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".