«Марыя – Каралева Беларусі»: стала вядома праграма Будслаўскага фэсту

Традыцыйны Будслаўскі фэст, унесены ЮНЕСКА ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, сёлета адбудзецца 30 чэрвеня – 1 ліпеня.

Урачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў год юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату пройдуць пад дэвізам «Марыя — Каралева Беларусі».

У межах падрыхтоўкі да юбілею па ініцыятыве Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага праводзілася «Вялікая навэнна»: пачынаючы з 1 кастрычніка 2022 года, на працягу дзевяці першых субот месяца ў Нацыянальным санкутарыі адбываліся малітоўныя сустрэчы з удзелам каталіцкіх іерархаў Беларусі, паведамляе Catholic.by.

У юбілейных урачыстасцях у якасці спецыяльнага пасланніка (легата) Папы Францішка возьме ўдзел Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

У межах фэсту пройдзе тэматычная канферэнцыя «Каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай». Перад фэстам для ўдзелу ва ўрачыстасцях у Нацыянальтным санктуарыі ў Будслаў скіруюцца шматлікія пілігрымы з розных мясцін Беларусі.