Беларусы працягваюць абмяркоўваць праект помніка “Беларусь адзіная”. Да дыскусіі далучыўся старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

“У Мінску хочуць паставіць скульптурную кампазіцыю на Кастрычніцкай плошчы. Ідэя добрая, бо тут сапраўды не хапае малых архітэктурных формаў. Брукаванка эпохі аграрэнесанса выглядае пустынна і панура, — піша Ігар Барысаў.

Але ёсць дзве асаблівасці.

Першая — гэта разбіўка кола на шэсць частак, якія сімвалізуюць шэсць абласцей Беларусі. Мяркуючы па канцэпцыі, сама статуя жанчыны з дзіцем — гэта ў тым ліку ўвасабленне і сталіцы. Але ёсць адно «але» — канцэпцыя не далёкаідучая, бо ў Беларусі даўно наспела адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа. Яна патрэбна ў першую чаргу для ўстойлівасці эканамічнага росту рэгіёнаў і ліквідацыі рэгіянальных няроўнасцяў. Такіх рэгіёнаў, эксперты лічаць, павінна быць 17-18, і называцца яны мусяць «акругамі».

Ёсць і іншыя канцэпцыі, але я прыпыняюся на пазіцыі БСДП. Адпаведна — пры правядзенні рэформы ўвасобленая архітэктурная канцэпцыя губляе сваю сучаснасць. Хай гэта і будзе праз некалькі год.

Другая — гэта ідэалагізацыя беларускай жанчыны ў нацыянальным строі. Кампазіцыя складаная. У ёй, як падаецца, лішні адзін элемент — альбо дзіця, альбо сцяг. На маю думку, сцяг выглядае зусім лішнім.

Калі ж канцэпцыя скульптурнай кампазіцыі будзе рэалізаваная, то што тут зробіш: сама ўлада абракае сябе на тое, каб гэты помнік называўся манументам «Ніны Багінскай». І сэнс ёсць, і гісторыя, і нацыянальны строй, і прывязка да месца.