У Гомелі грамадзяніна Расіі асудзілі другі раз праз паўгода ажно па чатырох крымінальных артыкулах

Гэтым грамадзянінам аказаўся 34-гадовы Андрэй Паднябенны. Судзілі яго паўторна ў Гомельскім абласным судзе за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361 прым. 4 ч.1 і 2), публічную абразу прэзідэнта (арт. 368 ч. 1), распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці калатнечы (арт. 130 ч.1), абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Да ранейшага 15-гадовага выраку 3 студзеня суддзя Руслан Царук дадаў Паднябеннаму 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праз частковае складанне пакаранняў яму канчаткова прызначана 16 з паловай гадоў няволі. Апроч таго, Паднябенны аштрафаваны на 100 базавых велічыняў (3700 рублёў – памер базавай велічыні з першага студзеня падрос на пяцёрку і складае зараз 37 рублёў).

Чаму такі вырак і за якія дзеянні канкрэтна, невядома: суд праходзіў у закрытым рэжыме. З чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, прад’яўленых Паднябеннаму, рэальны турэмны тэрмін адназначна прапісаны толькі ў артыкуле «за экстрэмізм». Штраф, абмежаванне волі альбо калонія прадугледжаны ўсімі іншымі трыма артыкуламі. За што «набегла» сто базавых, застаецца загадкаю.

Не зразумела таксама, чаму спатрэбілася судзіць Андрэя двойчы. Яго затрымалі яшчэ ў лістападзе 2021 года і змясцілі пад варту. Паўтара месяца абвінавачаны грамадзянін Расіі знаходзіўся ў СІЗА КДБ у Мінску і ў ізалятары на Валадарцы, потым яго перанакіравалі ў гомельскі СІЗА-3, адкуль і вазілі на суды. Вядома, што назбродзіць у ізалятарах дадаткова Пазнябенны не мог – усе яго крымінальныя артыкулы «прыдбаны» яшчэ да арышту.

Папярэдні вырак суддзя Анатоль Сотнікаў абвясціў Андрэю летась 30 чэрвеня – 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Мужчыну абвінавацілі ў шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «замах на наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне чужой  маёмасці» (арт. 14 ч. 1 і арт. 218 ч. 3), «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання (арт. 289 ч. 1 і ч. 2), «акт тэрарызму» (арт. 289 ч. 1 і ч. 2).

Увосень 2021-га ў Гомелі зламысніка шукалі і міліцыя, і КДБ. У адну з лістападаўскіх начэй невядомы прабраўся ў тралейбуснае дэпо №2 на вуліцы Барыкіна і прабіў колы ў 39 тралейбусах. У тую ж ноч ён падпаліў машыну намесніка начальніка Упраўлення выканання пакаранняў. Ад агню пацярпела і суседняя машына.

Аператыўная група УКДБ праз колькі дзён затрымала Андрэя Паднябеннага. Яго вылічылі. Нібыта знайшлі ровар, на якім ён калясіў уначы, ёмістасці з бензінам і маторным маслам, пальчаткі, два шылы, адзенне, якое адпавядала прыкметам падпальшчыка. Высветлілася, што ў тралейбуснае дэпо мужчына прабіраўся двойчы з розных бакоў праз прамысловую зону.

Даволі істотным маркерам у раскрыцці крымінальных дзеянняў стала паведамленне ў 7 гадзін 46 хвілін самога аўтара ў адным з гомельскіх тэлеграм-чатаў: «Пішуць, што могуць быць перабоі з тралейбусамі».

Паводле матэрыялаў справы, яшчэ ў верасні 2019 года Паднябенны нібыта прабраўся на адзін з будаўнічых аб’ектаў абласнога цэнтра, дзе меўся знішчыць аўтакран. Паспеў нават абліць кола будаўнічай машыны гаручым рэчывам і змыўся, так сцвярджала пракуратура.

Імя Андрэя Паднябеннага 23 мая 2022 года КДБ унёс ў «спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Андрэй нарадзіўся ў расійскім Хабараўску, дзе па размеркаванні пасля вучобы працавалі яго бацькі. З таго часу ў Паднябеннага і захавалася расійскае грамадзянства, хоць з шасцігадовага ўзросту ён жыве ў Беларусі. Мае тут від на жыхарства. У Гомелі скончыў школу, а вучыўся ў інстытуце ў Харкаве, непадалёку ад якога жылі ягоныя бабуля і дзядуля. Працаваў Андрэй у абласным цэнтры індывідуальным прадпрымальнікам. Мае грамадзянскую жонку і дзвюх малалетніх дачок.

Праз закрытасць судоў грамадству, на жаль, не вядомыя матывы ўчынкаў Андрэя Паднябеннага.

Анатоль Ліпскі.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.