
Гарачая дыскусія на гэтую тэму ідзе ў праўладным асяроддзі.
Ігар ТУР:
“Разлад у грамадстве і ёсць мэта нашых апанентаў”
“Самы просты прыклад па 2020 — м годзе — супрацьстаянне сілавікоў і натоўпу пратэстоўцаў. Мэта —— не перамагчы сілавікоў, не перацягнуць іх на бок «народа» і гэтак далей. Не перамога ім патрэбна была, а сам факт вайны, — піша вядомы прапагандыст Ігар Тур.
Сілавікі напампоўваліся агрэсіяй да пратэстоўцаў — сігнальце ім, крычыце ім абразы, вышмароўвайце дзверы і машыны, травіце іх жонак і дзяцей. Зразумела, што пасля гэтага ва ўмоўнага супрацоўніка АМАПу, які бачыць насупраць натоўп, з якім ён асацыіруе ўвесь гэты ціск, будзе не толькі выкананне загаду, але і эмоцыі —— гнеў.
Гэтак жа напампоўваўся і натоўп пратэстоўцаў: сілавікі — звяры, забойцы, садысты і гэтак далей, яны будуць вас крышыць, так што дзейнічайце першымі. Сілавік — аснова «рэжыму» і вашых бед. Зразумела, што пасля гэтага ва ўмоўнага пратэстоўца, які бачыць насупраць сілавікоў, з якімі ён асацыіруе ўвесь гэты ціск, будзе не толькі палітыка і «мірнасць» акцый, але і эмоцыі — гнеў.
Мэтай было не перамога над сілавікамі, а само сутыкненне, з ахвярамі з абодвух бакоў. “Мачылава” як працэс, а не як мэта.
Разлад у грамадстве —— інструмент апанентаў. Разлад максімальны, калі часткі грамадства схільныя да гневу.
Мараль: калі ў прыхільнікаў улады прысутнічае гнеў як абсалютная эмоцыя да пратэстоўцаў/бчбесаў — гэта ўжо для нас нядобра”.
Калі хто забыўся, на плошчы Незалежнасці, напрыклад, жанчыны і дзяўчаты абдымалі сілавікоў, дарылі ім кветкі, пратэстоўцы дзякавалі людзям у пагонах, калі тыя ў нейкі дзень спынілі ціск і гвалт і проста спакойна стаялі, ахоўваючы Дом урада. Ніякай агрэсіі, як бачым, не было. Таму можна спрачацца, хто ініцыяваў супрацьстаянне, якое не спыняецца ўжо трэці год.
Але выснова Тура зразумелая: жаданне праўладнай часткі грамадства знішчыць, вытравіць, выціснуць з краіны апанентаў “гэта нядобра”.
Святлана Жыгімонт западозрыла Тура ў неадэкватнасці

У дыскусію з Турам уступіла мастачка Святлана Жыгімонт – тая самая, якая намалявала Святлану Ціханоўскую за “чорнай месай”, дзяцей з кветкамі ў бела-чырвоным адзенні побач з магіламі, а таксама стомленага Аляксандра Лукашэнку пад дубам. Жыгімонт не жадае спыняцца ў пошуку ворагаў.
“Вельмі дзіўная аналітыка напалову з псіхалагічнымі экзэрсісам ад вядомага журналіста, — піша яна. — Першае ж сцвярджэнне выклікае сумнеў у адэкватнасці аўтара. Няўжо мэта нашых ворагаў — гэта разлад у грамадстве? Разлад дзеля разладу? У прынцыпе зразумела, што разлад і падзел у грамадстве — гэта адзін з метадаў, пры дапамозе якога ствараецца глеба для падрыву краіны знутры і дэмантажу палітычнай сістэмы. Разлад — гэта інструмент для дасягнення мэты, але ніяк не сама мэта.
Разлад — гэта прамежкавы стан. Калі глядзець на беларускую сітуацыю, то гэтага прамежкавага стану, можна сказаць, яго апагею, ворагі цалкам сабе дасягнулі да вясны 2020 года, правёўшы да гэтага шматгадовую працу па падрыве і беспрэцэдэнтна ўзмацніўшы яе бліжэй да даты выбараў-2020. Такім чынам, прамежкавая мэта дасягнута, але канчатковай пакуль няма.
Ці здаралася нам сутыкацца з падобным, ці ёсць у нас гатовы рэцэпт пераадолення? Не, гэта выклік часу і нам трэба дзейнічаць, зыходзячы з рэалій. Гэта значыць, нам трэба ўсвядоміць і прыняць, што падзел і разлад адбыліся, але, нягледзячы на гэта, спрабаваць не дапусціць дэмантажу палітычнай сістэмы нашай краіны, паступова вычышчаючы з краіны інструменты для стварэння гэтага самага падзелу, матэрыяльныя і духоўныя (варожыя ідыёлагемы і наратывы, інстытуцыі і грошы на іх прасоўванне), зноў замяняючы гэта сваім.
Наступнае сцвярджэнне аўтара пацвярджае папярэдняе “мэта не перамагчы сілавікоў…”Далей ідзе псіхалагічны аналіз таго, што адбылося, у якім аўтар неспадзявана ўраўноўвае гвалтаўніка і ахвяру, прыпісваючы абодвум бакам залішнюю ўнушальнасць і эмацыйнасць, апускаючы той момант, што бок сілавікоў свае эмоцыі, думкі і высновы набываў, зыходзячы з рэальных пагроз, а бок «пратэстоўцаў» якраз наадварот, чэрпаў свае эмоцыі і лад дзеянняў з галюцынацый і ілжывых пасылак. Акрамя таго, нядрэнна было б пры такім «аналізе» пазначыць і розныя мэты супрацьлеглых бакоў: у адных разбурэнне, дэмантаж і ахвяры, у іншых жа захаванне і абарона.
Далей аўтар у трэці раз прайгравае свой тэзіс аб тым, што прамежкавы стан і быў мэтай: «мачылава як працэс».
Агульная выснова вартая ўсяго папярэдняга “аналізу” і заключаецца ў тым, што для прыхільнікаў улады гнеў як абалютная эмоцыя гэта нядобра. Адразу ж узнікае пытанне, якім чынам Ігар Тур вылічыў, што прыхільнікі ўлады пакутуюць гневам менавіта як абсалютнай эмоцыяй? У прынцыпе зразумела, што любая зацыклічнасць і давядзенне да абсурду дрэнныя, але каму патрэбныя ў нашай сітуацыі гэтыя агульныя рэкамендацыі з серыі «не напівацца да свінога рохкання»? Бо сама па сабе эмоцыя гневу гэта — цалкам здаровая рэакцыя, якая з’яўляецца штуршком да супраціву агрэсару. Ці агрэсара ўжо ніякага няма і нам усё гэта прыснілася?”
Ніякага агрэсара, сапраўды, няма. На Беларусь ніхто не нападаў і не нападае. Пра “дэмантаж палітычнай сістэмы” таксама гаварыць не выпадае, бо па Канстытуцыі аснова нашай палітычнай сістэмы – выбары, і менавіта справядлівых выбараў пратэсты і патрабавалі.
Але, як бачым, запусціць канвеер нянавісці лёгка, спыніць цяжка. Бо ненавідзець лягчэй, чым паважаць чужыя погляды. Крычаць “Ату!” лягчэй, чым зразумець, што свабода і законнасць у краіне альбо ёсць, альбо іх няма. Гэта правіла не дзейнічае выбарачна, яно тычыцца ўсіх, у незалежнасці ад таго, хто і якіх палітычных поглядаў прытрымліваецца.
Алег СНОЎ.