Так каментуюць сітуацыю, звязаную з арыштам Яўгена Лівянта і членаў яго сям’і, супрацоўнікі рэпетытарскага цэнтра “100 балаў”

Напярэдадні навагодніх святаў стала вядома пра затрыманне Яўгена Лівянта – вядомага беларускага педагога, рэпетытара па фізіцы і матэматыцы, кіраўніка рэпетытарскага цэнтра «100 балаў». Пасля яго затрымання сілавікі заявілі, што ў 2020 годзе Лівянт «удзельнічаў у перакрыцці дарог і масавых парушэннях парадку», а цэнтр нібыта незаконна ажыццяўляў адукацыйную дзейнасць.

3 студзеня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра тое, што “за парушэнні парадку” затрыманы таксама жонка Лівянта Юля, дачка Ганна, яе муж Мікіта Дрозд. Наколькі вядома знаёмым сям’і, жонку, дачку і зяця затрымалі ў адзін дзень. Малодшя дачка – Галіна – знаходзіцца дома.

Пазней з’явілася інфармацыя і аб затрыманні выкладчыка матэматыкі і індывідуальнага прадпрымальніка Аляксея Іванова, які сумесна з Лівянтам заснаваў рэпетытарскі цэнтр «100 балаў». Пакуль усе знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна, паколькі атрымалі па 14 сутак адміністрацыйнага арышту (а Юлія Лівянт – 15 сутак). Ці выйдуць арыштаваныя на волю, ці ператворыцца адміністрацыйны арышт у крымінальную справу?.. Гэта пакуль невядома. “Лічым дні”, – кажуць калегі Яўена Лівянта.

Тым часам цэнтр “100 балаў” працягвае працу і … збірае ўзнагароды. Так, у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшоў другі этап Мінскай адкрытай лігі робататэхнікі. Трое навучэнцаў цэнтра і іх робаты аказаліся на п’едэстале пераможцаў: гэта юныя інжынеры Аляксандр Сташэўскі і Дзмітрый Бялецкі (трэнер Данііл Постнік), а таксама Павел Відук (трэнер Іван Шабуня).

Інфармацыя пра арышт заснавальнікаў цэнтра выклікала вялікі рэзананс.  Галоўнае пытанне – “За што?”, “Хто будзе вучыць нашых дзяцей, калі такіх настаўнікаў кінуць у турму?”

Алена НОВІКАВА.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.