
Вось казка і закончылася, а дакладней – прыйшла да свайго лагічнага завяршэння: хакейнае мінскае “Дынама” ў чарговы раз практычна нічога ў гэтым сезоне не паказала.
Так, выйшлі ў плэй-оф, але ў гэтым больш не іх заслуга, а маскоўскага “Спартака”, які і дапамог “Зубрам” заскочыць у апошні вагон. У апошніх дзесяці матчах рэгулярнага чэмпіянату, калі трэба было змагацца ў кожнай гульні, “Дынама” перамагло ўсяго ў чатырох матчах. Праўда, “Спартак”, які быў асноўным канкурэнтам мінчан за выхад у плэй-оф, згуляў на фінішы яшчэ горш, таму перад масквічамі хакеістам “Дынама” трэба як мінімум зняць капялюш і “накрыць паляну”.
“Па вялікім рахунку, мінчан у плэй-оф быць не павінна, – выказаўся расійскі спартыўны журналіст Дзмітрый Ерыкалаў. – Яны выйгралі латарэю пад назвай “Лепшыя сярод горшых”. Аддалі б лепш гэтую пуцёўку хабараўскаму “Амуру”. Галоўны трэнер піцерскага СКА Раман Ротэнберг добра пажартаваў, калі пахваліў свайго калегу з “Дынама” Крэйга Вудкрафта, але я стаўлю на тое, што гэтая серыя стане для канадца апошняй і ў “Дынама”, і ў КХЛ”.
Прайшоўся па “Зубрах” з гэтай нагоды і яшчэ адзін вядомы журналіст Васіль Уткін: “Калі быць шчырым, то гэта не “Дынама” вырвала восьмае месца ў “Спартака”, а, наадварот, чырвона-белыя прынеслі беларусам пуцёўку на талерачцы, бо цалкам правалілі заключную частку рэгулярнага чэмпіянату. Не скарыстацца такім падарункам было б грэх”.
Як вядома, у першым раундзе плэй-оф “Дынама” традыцыйна (у трэці раз. – Аўт.) прайграла ў серыі піцерскаму СКА – 2:4. Так, трэба аддаць належнае, што дзве перамогі “Зуброў” усё-такі былі прыгожымі, але сёння пра іх ужо можна ўспамінаць, як пра прыпарку для нежывога. Як кажуць: адмучаліся!
Дарэчы, не так даўно “Спорт-Экспрэс” апублікаваў бюджэты на заробкі клубаў КХЛ. Па звестках выдання, плацежка “Зуброў” складае 325 мільёнаў расійскіх рублёў (прыкладна 4,6 мільёна долараў).
Трэба адзначыць, што ў гэтым сезоне бюджэт на заробкі абмежаваны 900 мільёнамі рублёў (12,8 мільёна долараў). Мінімальна дазволеная сума – 4,5 мільёна долараў (без уліку дадатковых прэміяльных хакеістам).
З аднаго боку, мінскае “Дынама” ў параўнанні з іншымі клубамі мае, можна сказаць, амаль мінімальны бюджэт на выплату заробкаў, а з іншага – толку з гэтага хакейнага праекта пакуль як з казла малака. Тым больш што мільёны долараў клуб зарабляе не сам, а спонсарамі выступаюць дзяржаўныя прадпрыемствы ці камерцыйныя ўстановы, якія часам проста не могуць адмовіць прыбліжаным да ўлады лабістам гэтага нікчэмнага праекта.
Нагадаем, што за ўвесь час выступлення “Дынама” у КХЛ, самае вялікае дасягненне клуба – выхад у плэй-оф, дзе каманда з трэскам вылятала на першай жа стадыі.
Зараз у “Дынама” новая задача – шукаць мільёны долараў на наступны сезон. Падаецца, што гэта песня будзе вечнай. Прынамсі, пакуль.