Лепшая сярэдняя навучальная ўстанова Беларусі знаходзіцца ў Віцебску

Фота з адкрытых крыніц.

Міністэрства адукацыі прызнала гімназію №2 Віцебска лепшай сярэдняй навучальнай установай Беларусі па выніках 2022 года.

Гэта – найстарэйшая ўстанова адукацыі горада: створана на базе сярэдняй школы №9, якая вядзе сваю гісторыю з 1918 года. У гімназіі працуюць больш ста настаўнікаў, сярод якіх чатырнаццаць педагогаў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

У гімназіі з 8-га класа вядзецца навучанне па шасці напрамках:

– інжынерна-тэхнічнае (матэматыка, фізіка, англійская мова на павышаным узроўні);

– медыцынскае (хімія, біялогія, англійская мова на павышаным узроўні);

– эканамічнае (матэматыка і англійская мова на павышаным узроўні);

– інфармацыйна-тэхналагічнае (матэматыка, інфарматыка і англійская мова на павышаным узроўні);

– лінгвістычнае (англійская мова, руская мова і гісторыя Беларусі на павышаным узроўні);

– юрыдычная (грамадазнаўства, англійская мова і руская мова на павышаным узроўні).

Акрамя таго, вучням даецца магчымасць вывучэння шасці замежных моў – англійскай, кітайскай, нямецкай, французскай, іспанскай і шведскай.

Штогод практычна 100 працэнтаў выпускнікоў паступаюць у вядучыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Гімназія займае вядучыя пазіцыі ў Рэспубліцы Беларусь у алімпіядным руху: у 2014–2023 гадах тут выхавалі 450 пераможцаў абласной алімпіяды, 122 – рэспубліканскай, 25 –міжнародных алімпіяд.

Дарэчы, па выніках года віцебская гімназія №2 прызнаецца лепшай у краіне не першы раз.  У 2020-м яна таксама атрымала гэта ганаровае званне.

Ніна ЖВІРКО.