“Лекі Рыгору Кастусёву ўсё ж перадаём…”

Фота з адкрытых крыніц.

Крыху больш за два гады знаходзіцца за кратамі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. На гэтым тыдні яму споўнілася 66 год…

Нагадаем, што палітык быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе аб “захопе ўлады”. Яго абвінавацілі паводле арт. 357 КК – “Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”.

5 верасня 2022 года суд прызнаў Рыгора Кастусёва вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Напрыканцы мінулага году Міністэрства ўнутраных спраў дадало палітыка ў спіс асоб, “якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Адбывае пакаранне Рыгор Кастусёў у папраўчай калоніі №22 у Івацэвічах, якая вядома пад назвай “Воўчыя норы”.

“У СІЗА ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем – у прыватнасці, выявілася анкалагічнае захворванне, – распавялі паплечнікі і сябры палітыка. – Настойлівыя звароты адвакатаў з просьбай забяспечыць належнае медыцынскае абследаванне зняволенага плёну не маюць да гэтага часу.

З незразумелых прычын Рыгора пазбавілі спатканняў са сваякамі – апошняе здарылася ў СІЗА КДБ адразу пасля суда. Акрамя таго, яму істотна зменшылі суму атаваркі ў мясцовай краме.

Калі з ізалятараў лісты да жонкі даходзілі без моцных затрымак, то цяпер з гэтым праблемы. Няма дакладных звестак адносна таго, ці не намагаюцца яго прыцягваць да лагерных работ – асабліва з улікам пенсіённага ўзросту і медыцынскіх абмежаванняў.

Гэтак жа няма пэўнасці адносна фізічнага стану вязня. Нібыта ўжо з калоніі павінны былі адправіць на абследаванне ў лякарню, аднак, як вынікае з папярэдніх спробаў, вынікі агляду адміністрацыя папраўчай установы нікому не паведамляе”.

Выконваючы абавязкі кіраўніка Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў дадае, што ні ў яго, ні ў сяброў партыі таксама няма ніякіх наўпроставых кантактаў з Рыгорам Кастусёвым.

“Лісты, якія дасылаюць яму паплечнікі ў вялікай колькасці, як мы разумеем, не даходзяць, – кажа Вадзім Саранчукоў. – Таму любое атрыманне інфармацыі з таго боку ці наадварот, да яго вельмі абмежаванае.

Але ў нас атрымліваецца перадаваць лекі. Аб’ектыўнай інфармацыі няма, таму сказаць, у якім стане ён знаходзіцца зараз вельмі складана...”

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.