Леанід Заяц і Васіль Герасімаў сур’ёзна ўзяліся за аграрных начальнікаў…

У Беларусі працягваецца «разбор палётаў» з-за безгаспадарнасці ў жывёлагадоўлі, які пачаўся з памятнай нарады з прадстаўнікамі АПК Гомельскай вобласці. Гэтым разам рэгіянальныя ўлады “чысцілі” прадстаўнікі ўрада і Камітэта дзяржкантролю.

Мерапрыемства прайшло пад старшынствам віцэ-прэм’ера Леаніда Зайца і кіраўніка КДК Васіля Герасімава. Да ўдзелу ў нарадзе былі запрошаны прадстаўнікі Мінсельгасхарча, а таксама намеснікі старшыняў аблвыканкамаў і райвыканкамаў, якія курыруюць пытанні сельскай гаспадаркі.

Як паведамляе прэс-служба КДК, размова была “гранічна жорсткай”.

Леанід Заяц адзначыў, што ў 2022 годзе галіна жывёлагадоўлі спрацавала толькі на 99 працэнтаў, недабор прадукцыі ацэньваецца на суму 475 мільйнаў рублёў. З-за неналежнай селекцыйна-племянной работы і парушэнняў рэгламентаў кармлення і ўтрымання жывёлы ў трох абласцях рэспублікі знізілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы.

У 2022 годзе ў 31 раёне са 118 дапушчана павелічэнне падзяжу жывёлы звыш нарматыўных параметраў. Найгоршая сітуацыя ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Пры гэтым у асобных раёнах яна не мяняецца гадамі.

Многія прывыклі працаваць па-старому. Праблемы і парушэнні паўтараюцца з года ў год. Не выконваюцца элементарныя патрабаванні. Пры гэтым кожны выпадак падзяжу павінен у раёне разглядацца як надзвычайнае здарэнне. Тым больш, што для навядзення парадку не патрэбныя вялікія ўліванні, – адзначыў Васіль Герасімаў. Але калі раней мы спаганялі за дрэнную работу з кіраўнікоў гаспадарак, то цяпер гэта будзе рабіцца з кіраўнікоў раёнаў.

Па прапанове КДК за кіраўніцтвам райвыканкамаў у кожным раёне замацаваны гаспадаркі, дзе маюцца праблемы. Аднак праверкі паказваюць, што нават у такіх гаспадарках выяўляюцца парушэнні. Да прыкладу, у Крычаўскім раёне выяўлены шматлікія факты парушэнняў у гаспадарцы, замацаванай за старшынёй райвыканкама Андрэем Седуковым: месяц адсутнічаў камбікорм для цялят, неабходныя ветпрэпараты і нават элементарны ёд для апрацоўкі пупавіны. З-за зламанага халадзільніка на ферме не быў створаны банк малодзіва для выпойвання нованароджаных цялят (у першую гадзіну жыцця пасля нараджэння). У сцяне цялятніка – велізарны пралом, праз які ў яго свабодна забягаюць сабакі. Пры гэтым яшчэ ў лістападзе мінулага года кантралёры звярталі ўвагу на гэтыя факты. Больш таго, пры праверцы на ферме знаходзілася дрыготкае ад холаду цяля, а побач пуставаў домік для абагрэву цялят. І ў гаспадарцы нікому не было да гэтага ніякай справы.

За старшынёй Міёрскага райвыканкама Ігарам Кузняцовым замацаваны дзве гаспадаркі. Але ў абедзьвюх сельгасарганізацыях сітуацыя толькі пагаршаецца: адбываецца павелічэнне падзяжу жывёлы і значнае зніжэнне па ўсіх асноўных паказчыках у галіне жывёлагадоўлі. Такая ж карціна і ў цэлым па Міёрскім раёне.

“Пытанне аб адпаведнасці займаемай пасадзе старшыні райвыканкама ў бліжэйшы час будзе пастаўлена перад Віцебскім аблвыканкамам”, – паведамляе КДК.

На нарадзе таксама адзначана нездавальняючая арганізацыя ўсяго цыкла сельскагаспадарчых работ у Віцебскай вобласці і няздольнасць намесніка старшыні аблвыканкама наладзіць эфектыўную працу галіны.

Сур’ёзная крытыка прагучала ў адрас Гомельскай вобласці. Больш чым у палове гаспадарак вобласці перавышаны нарматыўны ўзровень непрадукцыйнага выбыцця жывёлы. Вынікі работы ў галіне жывёлагадоўлі тут зніжаюцца на працягу апошніх пяці гадоў.

“У бліжэйшы час намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама, які курыруе пытанні сельскай гаспадаркі, будзе падвергнуты пераатэстацыі”, – паведамляе КДК. Згодна інфармацыі, размешчанай на сайце аблвыканкама, куратарам АПК з’яўляецца першы намеснік старшыны аблвыканкама Дзмітрый Козел.

У ходзе нарады былі агучаны і прэтэнзіі ў адрас Дзяржаўнай ветэрынарнай службы, работнікі якой павінны забяспечваць кантроль за тым, чым у гаспадарках кормяць жывёл. Пры гэтым менавіта парушэнні ўтрымання і кармлення жывёлы з’яўляюцца асноўнымі прычынамі яго падзяжу.

Леанід Заяц і Васіль Герасімаў запатрабавалі прыняць жорсткія меры па навядзенні парадку ва ўсіх гаспадарках. Бліжэйшым пунктам адліку стануць вынікі працы за першы квартал. Кіраўніцтва аблвыканкамаў і райвыканкамаў папярэджана, што урадам і КДК будуць прапанаваны самыя жорсткія кадравыя рашэнні ў дачыненні да “вертыкалі”, калі сітуацыя не будзе выпраўлена.

Дарэчы, па інфармацыі ведамства, па выніках праверак КДК у 2022 годзе за парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны, ветэрынарна-санітарных правілаў, безгаспадарчасць да дысцыплінарнай адказнасці ўжо прыцягнуты старшыні 31 райвыканкама. Акрамя таго, па ўстаноўленых кантрольным ведамствам фактах утойвання падзяжу жывёлы узбуджана 122 крымінальныя справы.

Ніна ЖВІРКО.