
Работнікі сферы культуры застануцца найбяднейшымі ў краіне. Гэта вынікае з інтэрв’ ю міністра культуры Анатоля Маркевіча тэлеканалу СТБ.
“Па выніках 2022 года сярэдняя заработная плата ў сферы культуры нашай краіны склала 967 рублёў, бліжэйшая перспектыва 2023 года – мы плануем выйсці на сярэднюю заработную плату ў памеры 1 100 рублёў. І да 2025 года сярэдняя заработная плата ў сферы культуры павінна складаць не менш за 80 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Сёння мы бачым алгарытмы дзеяння”, – паведаміў міністр.
Але што азначаюць гэтыя словы і абяцанні?
Сярэдні заробак у Беларусі ў 2022 годзе склаў 1630 рублёў. А сярэдні заробак супрацоўнікаў сферы культуры – 967 рублёў. Гэта на 178 рублёў больш, чым было ў 2021 годзе, але толькі 59 працэнтаў ад сярэдняга заробку па краіне.
У 2022 годзе заробак у сферы культуры вырас у параўнанні з 2021 годам на 22,5 працэнта. Але ж і інфляцыя за год склала 12,8 працэнта…
Як вынікае са слоў міністра культуры, у 2023 годзе сярэдні заробак супрацоўнікаў галіны плануюць павялічыць да 1,1 тысячы рублёў – на 13,8 працэнта. У той жа час сярэдняя зарплата па краіне запаланавана на ўзроўні 1938 рублёў. Выходзіць, работнікі культуры атрымаюць за сваю працу аж на 800 рублёў менш…
Сяргей Праўдзін.