Куды знікла Алена Кручынкіна?

Алена Кручынкіна. Фота з адкрытых крыніц.
Алена Кручынкіна. Фота з адкрытых крыніц.

Спартсменкі са зборнай Беларусі па біятлоне апошнім часам не бачна на спаборніцтвах.

Нагадаем, што раней Алена Кручынкіна выступала за каманду Расіі, але затым разам са сваёй сястрой Ірынай вырашыла змяніць грамадзянства на беларускае.

Да гэтага Алена неаднаразова станавілася пераможцай і прызёрам першынстваў Расіі і адборачных спаборніцтваў у малодшых узростах. Сярэбраны прызёр Усерасійскай зімовай універсіяды 2016 года ў змешанай эстафеце.

Двухразовы сярэбраны прызёр чэмпіянату Расіі 2018 года ў каманднай гонцы і гонцы патрулёў у складзе каманды Мардовіі.

Станавілася пераможцай этапаў Кубка Расіі ў эстафеце.

Пасля таго, як біятланістка змяніла спартыўнае грамадзянства, у адным з інтэрв’ю Алена параўнала трэнерскія падыходы ў Расіі і Беларусі.

«З расійскімі трэнерамі заўсёды было так: бяры больш – кідай далей, – шчыра прызналася спартсменка. – Пакуль не павалішся, трэніроўку не закончыш. Калі ў цябе тэмпература – бегай, калі баліць нага – ёсць другая. У нас не было такога, каб цябе неяк шкадавалі. Напэўна, гэта савецкая практыка – цярпець, цярпець і яшчэ раз цярпець. А тут забалела горла – пасядзі лепш дома. Калі ты сёння не паспаў, можаш трэніроўку скарэктаваць.

Падчас выступлення за юніёрскую зборную Расіі мы ездзілі на міжнародныя спаборніцтвы, і ты там баяўся лішні раз усміхнуцца, каб табе не сказалі: “А што, табе смешна? Весела табе? На старты такім чынам настройваешсяАдным словам, там баяліся паказаць свае эмоцыі. Ты павінен быў канцэнтравацца толькі на біятлоне, бо ты – спартсмен. А тут, у зборнай Беларусі, усе усміхаюцца.

У нас была жорсткая дысцыпліна. Адбой у такі час, пад’ём у такі. Усё па раскладзе. Канкурэнцыя вышэйшая ў Расіі, а тут можна расслабіцца, супакоіцца. Калі ў цябе дрэнны старт, у Расіі казалі: “Ты чаму так дрэнна прабегла?” А тут: “Усё нармальна, будзе новы старт. Выкінь усё, што было раней, з галавы”. Цябе супакойваюць, падбадзёрваюць.

Але ў той жа час у мяне былі добрыя трэнеры. Знаходзіліся нейкія свае нюансы, я ўдзячна кожнаму настаўніку, які з’яўляўся ў маёй спартыўнай кар’еры. Нехта закаліў характар, хтосьці даў нешта іншае. Усё гэта было дзеля майго развіцця”.

Апошнім часам Алены Кручынкінай не бачна на спаборніцтвах, і многія задаліся пытаннем: што здарылася? Cпартсменка сама ігнаруе другасныя старты (у міжнародных спаборніцтвах з-за санкцый расійскія і беларускія біятланісты не ўдзельнічаюць.Аўт.) ці тут нешта іншае?

“У мяне праблемы са здароўем – пачаўся гарманальны збой, – патлумачыла Алена Кручынкіна расійскім СМІ. – Затым атрымала траўму. Магчыма, на фоне гэтага збою. Таму што была стомленасць, не было сілы, але я пайшла на імітацыйную трэніроўку, дзе падвярнула нагу. Спачатку думала, што проста падвярнула – усё пройдзе. Але і праз тыдзень нічога не прайшло. Потым кажу сястры: “Іра, у мяне вельмі баліць нага”. Тая адказвае: “У мяне таксама”.

Паехалі на здымак. У выніку ў мяне разрыў звязкі, а ў сястры – расцяжэнне. А ў мяне яшчэ і пералом. Пасля спыніла трэніроўкі ног, падрыхтоўка цалкам паляцела. Я трэніравала ў асноўным верхні плечавы пояс.

Сем месяцаў прайшло, а нага ўсё яшчэ не праходзіць. Кожны момант думаеш, як правільна стаць на нагу, каб не было балюча. Пастаянна цярпіш боль, пастаянна кульгаеш і пастаянная стомленасць. Усё гэта вельмі цяжка”.

Біятланістка адзначыла, што гарманальны збой пачаўся яшчэ перад Алімпіядай.

“У выніку да Гульняў падышла ў вельмі дрэннай форме, бо не магла нармальна трэніравацца і бегаць, – дадала Алена Кручынкіна. – І зараз я ні ў якім стане. Проста выжываю У мяне на гэты момант план проста выжыць, не адкінуцца да закачэння сезона. Усё. Пакуль з гэтай задачай спраўляюся”.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.