Куды дрэйфуе Тэатр юнага гледача?

Афіша Тэатра юнага гледача. Фота Міхася СКОБЛЫ.
Афіша Тэатра юнага гледача. Фота Міхася СКОБЛЫ.

У Мінску на будынку Тэатра юнага гледача нельга не заўважыць вялізную, метры на два, афішу: “Оскар Уайльд. Кентервильское привидение: фантастическая история по одноименной сказке. Спектакль идет на белорусском языке”.

Пагадзіцеся, гучыць як папярэджанне. Маўляў, твор вядомы, сусветная класіка, запрашаем, але… “на белорусском языке”. Як бы гэтым папярэджаннем-удакладненнем паказваецца пэўны гатунак спектакля (не для ўсіх): ён прызначаны для вызначанай катэгорыі людзей. Людзей беларускамоўных.

Прабачце, за такое параўнанне, але яно міжволі напрошваецца. Нямецкія акупацыйныя ўлады пісалі на шыльдах: “Nurfür Deutsche” – толькі для немцаў.

Навошта зроблена такая афіша? Здавалася б, чаго тут асабліва замарочвацца: калі спектакль ідзе па-беларуску, дык і афіша адпаведна робіцца на беларускай мове. І тэатральнаму гледачу было б усё адразу зразумела. Без усякіх сумнеўных удакладненняў.

Так, дарэчы, і было зусім нядаўна, пакуль дырэктарам Тэатра юнага гледача не стала акцёрка Вера Палякова. Задумаўшы зрабіць з даверанай ёй установы камерцыйна паспяховы тэатр, яна падчысціла рэпертуар (прыбрала, напрыклад, спектакль па “Споведзі” Ларысы Геніюш), пачала ставіць расійскіх аўтараў і зрабіла з беларускамоўнага ад самага заснавання тэатра моўнага раскірэку – паставіла яго на двухмоўныя рэйкі. З кожным месяцам становіцца ўсё больш відавочна – дзяржаўны тэатр, які існуе на падаткі беларусаў, дрэйфуе кудысьці ўбок ад беларускай нацыянальнай культуры.

Усім вядома, да чаго прывяло афіцыйнае двухмоўе ў Беларусі – руская мова запанавала амаль паўсюль, ад уладных кабінетаў да дзіцячага садка. Відаць, гэткае ж “двухмоўе” наступае і ў ТЮГу. Дзе нават спектакль па аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада” пастаўлены на рускай мове!

Не ведаю, ці застануцца ў памяці гледачоў тэатральныя і кінаролі ВерыПаляковай. Але тое, што ў яе ёсць шанцы застацца ў гісторыі беларускага тэатра яго заўзятым русіфікатарам, для мяне несумненна.

І ўсё ж беларускія дзеці маюць права глядзець  спектаклі на роднай мове. Калі Вера Палякова гэтага не разумее, то ці не час ёй патлумачыць чыноўнікам Міністэрства культуры?

Антон ЗАГОРСКІ.