
Нагадаем: Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампані, абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
28 верасня мінулага года Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.
У студзені гэтага года Ксенія Луцкіна была ўключана ў спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.
– Ксенія зараз знаходзіцца ў Гомельскай калоніі №4, – кажа Алег ЛУЦКІН, бацька журналісткі. – У мінулым месяцы яна захварэла на двухбаковую пнеўманію, і практычна ўвесь люты змагалася з хваробай.
Каля двух тыдняў правяла ў бальнічнай палаце калоніі, але зараз яе ўжо адтуль выпісалі.
– З-за анкалогіі Ксеніі не рабілі дадатковае абследванне?
– Яе паставілі ў чаргу на МРТ, хаця невядома, колькі ў гэтай чарзе давядзецца чакаць. Увогуле ж, самаадчуванне дачкі вельмі дрэннае. Робяць розныя ўколы, нават антыканвульсанты.
Але Ксенія пад пастаянным наглядам медыкаў, хоць нейкі медыцынскі дагляд ёсць. На ўрачоў яна не скардзіцца.
– На вытворчасці ў калоніі дачка не працуе?
– Па стане здароўя яе вызвалілі ад работ у прамысловай зоне.
– Вы пастаянна з ёй на сувязі?
– Так, лісты прыходзяць рэгулярна ў абодва бакі. І даволі хутка – ліст звычайна ідзе два-тры дні.
А на 30 сакавіка ў нас запланавана працяглае (на суткі) спатканне.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.