Кошт патрыятызму

Сяргей Кавальчук. Фота з адкрытых крыніц.
Сяргей Кавальчук. Фота з адкрытых крыніц.

Днямі стала вядома, што беларуская валейбалістка Анастасія Гарэлік, якая зараз выступае за расійскі клуб “Ленінградка”, адмовілася ад выступлення за нацыянальную зборную Беларусі.

“Яшчэ ў сакавіку мінулага года я атрымала расійскі пашпарт, – паведаміла спартсменка. – Але ў мяне застаўся і беларускі пашпарт. Спартыўнае грамадзянства я яшчэ не змяніла, але гэта ўсё ў працэсе.

Клуб спытаў у мяне, ці гатова я змяніць спартыўнае грамадзянства дзеля, скажам так, паляпшэння ўмоў. Каб і для клуба было лепш, каб я не лічылася легіянерам. Яны прапанавалі такія ўмовы, і я пагадзілася”.

Па словах Гарэлік, сваю кар’еру ў зборнай Беларусі яна завяршыла.

“На іншую зборную (каманду Расіі) я не прэтэндую, – дадала спартсменка. – Гэта ўсё рабілася толькі ў інтарэсах клуба. Таму я знаходжуся ў працэсе атрымання спартыўнага грамадзянства. Ні за адну зборную – ні Беларусі, ні Расіі – выступаць не буду”.

Трэба сказаць, што Анастасія Гарэлік – не пачынаючая спартсменка, а, можна сказаць, аксакал у валейболе. Гуляла за клубы ў чэмпіянатах Беларусі, Украіны, Румыніі, Італіі, Расіі. Чэмпіён Беларусі і Украіны, пераможца розыгрышаў Кубка Украіны і Кубка Румыніі, бронзавы прызёр першынства Расіі. У складзе зборнай Беларусі – удзельніца фінальных турніраў чэмпіянатаў Еўропы і розыгрышу Еўралігі. Патрэбна такая валейбалістка зборнай Беларусі? Адназначна!

І вось зараз тытулаваная спартсменка памахала роднай камандзе рукой і сказала: “Бай-бай!” Маўляў, патрыятызм – гэта добра, але ў расійскім клубе трэба “ўмовы паляпшаць”.

Прыкладна такая ж сітуацыя ў свой час была і з капітанам хакейнай зборнай Беларусі Андрэем Стасем, які ў 2017 годзе адмовіўся гуляць за нацыянальную каманду. У пачатку ліпеня таго ж года Стась заключыў трохгадовы кантракт з омскім “Авангардам”, адначасова прыняўшы расійскае грамадзянства, каб не лічыцца легіянерам. Выбар перад хакеістам быў такі: або заставацца верным зборнай Беларусі, або адмовіцца ад яе і атрымаць за гэта неблагія грошы. Думаю, і Анастасія Гарэлік вырашыла адмовіцца ад нацыянальнай каманды менавіта з-за “паляпшэнняў умоў”.

Дарэчы, Андрэй Стась з часам вярнуўся ў зборную Беларусі, але некаторыя балельшчыкі да гэтага часу не могуць дараваць яму “здрадніцтва”.

У сувязі з гэтым успомнілася, як не так даўно міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук праводзіў нараду з прадстаўнікамі футбольнай грамадскасці. Апошнім распавядалі пра патрыятызм, уключалі гімн Беларусі, некалькі разоў паказвалі, як спяваюць гімны футбалісты іншых краін.

“Патрыятызм у спорце вызначае вынік на адным узроўні з прафесіяналізмам, – яшчэ раней казаў той жа Кавальчук. – Людзі, якія сёння змагаюцца за гонар краіны, за гонар сцяга, за свой народ, за кожнага чалавека, які пражывае ў гэтай краіне, вось яны сёння і паказваюць вынікі на розных спаборніцтвах. Гэта ўсё звязана паміж сабой, інакш і быць не можа”.

Высокія словы спартыўнага чыноўніка гучаць добра, але, як бачым, і патрыятызм прадаецца. Напрыклад, адмовіўшыся ад выступлення за зборную Беларусі, толькі за сезон 2018/19 Андрэй Стась атрымаў у расійскім “Авангардзе” каля 560 тысяч долараў.

Зрэшты, выбар паміж інтарэсамі нацыянальнай каманды і матэрыяльным дабрабытам – гэта справа кожнага. Кожны робіць свой выбар і ў спорце, і ў жыцці.

Алесь СІВЫ.