Конкурс на пасаду рэктара ЕГУ: з сямнаццаці кандыдатаў засталіся толькі трое

Стала вядома, які заробак атрымлівае рэктар вуза.

Міжнародны адкрыты конкурс на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта быў аб’яўлены яшчэ ў маі.

“У адкрытым конкурсе на пасаду рэктара ЕГУ прынялі ўдзел 17 кандыдатаў, – паведамляецца на сайце ўніверсітэта. – Камітэт па пошуку адабраў трох кандыдатаў, якія будуць разгледжаны Кіроўнай радай 12 студзеня 2023 года. У адпаведнасці з заканадаўствам (Закон аб абароне дадзеных, Палажэнне аб Камітэце па пошуку, Правілы правядзення працэдуры выбару рэктара Грамадскай установы «Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт» у 2022 годзе) асабістая інфармацыя кандыдатаў не падлягае разгалошванню.

На заключным этапе лепшы кандыдат будзе прапанаваны Кіроўнай радай Генеральнай асамблеі саўладальнікаў, якая прыме рашэнне аб кандыдатуры новага рэктара да сакавіка 2023 года.

Адзін з тых, хто прэтэндуе на пасаду рэктара ЕГУ, – кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч, які ў свой час праз суд аспрэчваў сваё звальненне з ЕГУ – ён лічыў, што яно звязана перш за ўсё з крытыкай палітыкі ўніверсітэта, таму з ім не працягнулі кантракт. Пра тое, што яму прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, вучоны паведаміў праз сацсеткі.

Дарэчы, Павел Церашковіч, спасылаючыся на штогадовыя адкрытыя ўніверсітэцкія справаздачы, распавёў пра заробак рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

“Гартаю справаздачу ЕГУ за 2020–2021 гады, – напісаў ён у Фэйсбуку. – Дапамога беларускім даследчыкам – 24.687 еўра, дапамога беларускім студэнтам – 52.656 еўра, заробак рэктара – 148.367 еўра, заробак прэзідэнта (ЕГУ) – 23.926 еўра (у 2019–2020 гадах – 89.319 еўра), унёсак студэнтаў у бюджэт ЕГУ (аплата за навучанне) – 1.111.667 еўра. No comments.

У 2020–2021 гадах у параўнанні з 2019–2020 гадамі, зробак рэктара быў павялічаны на 30.970 еўра, або на 26,4%.”

“У выпадку абрання рэктарам мушу атрымліваць вялікі па беларускіх, ды і еўрапейскіх памерах заробак, – гаворыць Павел Церашковіч. – Сваім першым загадам скарачу яго сабе і рэшту перадам для стварэння ў ЕГУ некалькіх працоўных месцаў для беларускіх інтэлектуалаў-уцекачоў. Гэта не папулізм. Гэта падзяка тым маім сябрам, без якіх мая сям’я не выжыла б у першыя месяцы эміграцыі…”

Што Павел Церашковіч хоча змяніць у працы ЕГУ?

“ЕГУ павінен быць прытулкам для беларускіх інтэлектуалаў, – казаў Церашковіч на сумоўі. – Зараз складана нават знайсці спасылку на сайце, дзе шукаць дапамогу, ды і памеры яе мізэрныя.

ЕГУ трэба істотна палепшыць сістэму кіравання, выключыць магчымасць выпадкаў абразлівага стаўлення і нават булінгу ў адносінах да студэнтаў з боку асобных выкладчыкаў і адміністратараў, аднавіць выбарны сенат, уключыць прадстаўнікоў выкладчыкаў і студэнтаў у склад Кіроўнай рады. Трэба кардынальна змяніць адносіны з грамадзянскай супольнасцю. Я намераны ініцыяваць шырокую, адкрытую і публічную дыскусію адносна фармулёўкі місіі ЕГУ. Трэба стварыць назіральную раду з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці…”

Марына ВІШНЕЎСКАЯ.