Колькі бюджэтных грошай ідзе на ўтрыманне калоній і шматтысячнай арміі зняволеных…

Фота з адкрытых крыніц.

Беларуская судовая сістэма шчодрая на прысуды, звязаныя з накіраваннем людзей у месцы абмежавання волі. Хаця цывілізаваныя дзяржавы лічаць, што калі можна не трымаць чалавека за кратамі, то лепш яго не трымаць. Чаму? Хаця б дзеля эканоміі дзяржаўных сродкаў.

Аб тым, колькі бюджэтных сродкаў ідзе на ўтрыманне калоній і шаттысячнай арміі зняволеных, можна меркаваць хаця б па планах закупак, якія гэтыя установы публікуюць на сайце дзяржаўных закупак.

Возьмем да прыкладу Выпраўчую калонію №5 у Івацэвічах.У студзені–лютым гэтага года ёй трэба закупіць:

– маргарын – 1 тона, 6 тысяч рублёў;

– масла сметанковае – 0,4 тоны, 8 тысяч рублёў;

– рыба путасу марожаная з галовамі – 4,4 тоны, 17.600 рублёў;

– куры марожаныя – 2,7 тоны, 21.600 рублёў;

– вараныя каўбасныя вырабы – 1 тона, 4,5 тысячы рублёў;

– мясныя паўфабрыкаты (у тым ліку фарш) – 700 кілаграмаў, 3250 рублёў;

– рыс – 0,55 тоны, 2090 рублёў;

– гарох – 0,65 тоны, 1300 рублёў;

– крупы аўсяныя – 1,3 тоны, 1950 рублёў;

– малако – 11,6 тысячы літраў, 20.880 рублёў;

– смятана – 0,74 тоны, 5180 рублёў;

– тварог – 0,5 тоны, 4500 рублёў;

– яйкі – 42,15 тысячы штук, 11.800 рублёў…

На гэтым спіс не заканчваецца.

Толькі хлеба розных гатункаў калоніі на год патрабуецца 230,5 тысячы кілаграмаў. А лекі, электраэнергія, адзенне, ацяпленне, сувязь, заробак ахоўнікаў… І гэта пры тым, што калонія ў Івацэвічах не самая вялікая. Самая вялікая, наколькі паведамлялася, знаходзіцца ў Бабруйску.

А ўсяго калоній у Беларусі – 19, да іх – тры турмы, следчыя ізалятары, арыштанцкія дамы, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў… Згодна апошняму абнародаванаму рэйтынгу, які складае Інстытут даследаванняў крымінальнай палітыкі, па колькасці зняволеных (разлік вядзецца не ў абсалютных лічбах, а ў пераліку на 100 тысяч насельніцтва) Беларусь займае другое месца ў Еўропе. На першым – Турцыя. Пры гэтым складальнікі рэйтынгу адзначалі, што ў сітуацыі з Беларуссю кіраваліся дадзенымі за 2018 год, бо пазнейшых няма. Але ж мы ведаем, што адбывалася ў нашай краіне падчас і пасля 2020 года. Так што сітуацыя можа быць яшчэ горшай.

Беларускай дзяржаве ні грошай не шкода, ні нават іміджу. Бо як можна гаварыць, што Беларусь мірная і спакойная краіна, а беларусы – талерантны і законапаслухмяны народ, калі ў нас столькі зняволеных, столькі турмаў?!

Алег СНОЎ.