“Мне да ўсяго сягоння справа”, – вершаваў у свой час Пятрусь Броўка, чыё прозвішча ў ананімных эпіграмах не для друку звычайна рыфмавалася са словам “лоўка”. Але лоўка ён не толькі вершы пісаў. Броўка стварыў Беларускую энцыклапедыю, пакінуў па сабе штук сто кніг (у тым ліку празаічных) і з дзясятак папулярных у народзе песень (напрыклад, “Пахне чабор”). Насамрэч надзіва дзейным і неспакойным чалавекам быў Пятрусь Усцінавіч.

Падобным неспакоем у наш малаініцыятыўны час вызначаецца хіба што старшыня Рэспублікаскага аб’яднання “Веды” Вадзім Гігін. Яму таксама да ўсяго справа, ён часта выступае на БТ, актыўнічае ў дзяржаўных газетах і часопісах, ездзіць з лекцыямі па Беларусі, штосьці дзесьці камусьці ўвесь час прапаноўвае.

Праўда, гігінскі неспакой, у адрозненне ад броўкаўскага, зусім не стваральны, а хутчэй разбуральны. Кіраўнік “Ведаў” то зрынае з п’едэстала народнай памяці Тадэвуша Касцюшку, то вышуквае калабарантаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, то дае пытлю сучасным “ворагам народа”. Што ж, хай бы зрынаў, вышукваў і пытляваў – на тое і пастаўлены на чале структуры, якая з савецкіх часоў па ўказцы ўлады толькі гэтым і займалася. Але ўся бяда ў тым, што сумнеўныя ідэі і прапановы Гігіна нярэдка рэалізуюцца на практыцы.

Вось і нядаўна на пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы ён выступіў з ідэяй правесці чыстку кнігарань, дзе, ці бачыце, прадаецца шмат “шкоднай” літаратуры. Словы галоўнага ведуна працытавала “СБ. Беларусь сегодня”: “Книги должны изыматься из сетки продаж. У нас есть механизмы, чтобы эту работу ускорить. Изменения, которые происходили в исторической политике после 2020 года, имеют системный и правильный характер. Но, конечно, хотелось бы, чтобы это еще быстрее происходило”.

Дарэмна Гігін панаракаў на маруднасць выканаўцаў – механізмы сапраўды ёсць, і ў дзяржаўнай сетцы “Белкніга” тут жа распачаліся чысткі. Магчыма, па службовых правадах туды прыйшлі і нейкія дадатковыя распараджэнні, але маштабы чыстак уражваюць – і колькасцю, і непераборлівасцю.

Скажам, у дзяржкнігарнях вы цяпер і днём з агнём не знойдзеце кніг серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” – а гэта дзясяткі выданняў на самыя розныя тэмы. Тут можна згадаць і фамільную сагу акадэміка Радзіма Гарэцкага “Браты Гарэцкія”, і фундаментальную працу даследчыка Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця”, і ўкладзены доктарам гісторыі Юрыем Грыбоўскім дакументальны зборнік “Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна”. У еўрапейскай гістарыяграфіі той бітве прысвечана безліч кніг. У Беларусі – была адна, і тая залічана ў разрад крамольных. Гігін, відаць, лепшую напіша.

Больш за дзясятак кніг для “Бібліятэкі Бацькаўшчыны” напісаў літаратуразнаўца Лявон Юрэвіч. Працуе чалавек у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, мае пад рукой недаступныя ў Беларусі кніжныя скарбы, дзеліцца сваімі знаходкамі з чытачамі на радзіме, то – дзякуй яму скажы, “Белкніга”, а не зневажай цемрашальскім “изыманием из продажи”.

Адным махам выкінута з кнігарань і прадукцыя выдавецтваў “Лімарыус”, “Кнігазбор” і “Янушкевіч”, чыя дзейнасць прыпынена Міністэрствам інфармацыі.

На ганьбу “Белкнігі” ў пераліку забароненых аўтараў апынуўся і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін – з кнігарань зніклі яго “Дзённікі і запісы” ў 11 тамах (самаахвярная шматгадовая праца даследчыцы Наталлі Давыдзенка). Наклад іх мізэрны, каля 100 асобнікаў, і я спачатку падумаў – раскупілі. Пацікавіўся ў знаёмай прадавачкі – не, не раскупілі, “предписали к изъятию”. А ў тых дзённіках – усё барадулінскае жыццё, з 1951 года пачынаючы, плюс каля 1000 (!) невядомых раней вершаваных твораў.

Прадавачка паныла сядзела за сталом, упоравень з якім высіліся стосы забароненых кніг. У тым ліку выдадзеных дзяржвыдавецтвамі. Пагоня дзесьці на малюнку, бел-чырвона-белы сцяг дзесьці над замкавай вежай, Вялікая Айчынная ў тэксце названа Другой сусветнай – і ўсё, кнігу загадана спісаць як непатрэбшчыну. Хоць плач, хоць галасі, а рады не дасі.

Я выцягнуў са стоса шыкоўна выдадзеную кнігу пад назвай “Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі. Маляўнічая гісторыя”. Праілюстраваў яе таленавіты Павел Татарнікаў, да якога ў чарзе стаяць самыя вядомыя еўрапейскія выдавецтвы. Сярод іншых прэмій ён двойчы ўганараваны “Залатым яблыкам” – найпрэстыжнейшай міжнароднай узнагародай у свеце кніжнай графікі. Двойчы той яблык, як правіла, нікому не даецца. А Паўлу – далі. За мяжой. А на радзіме аздобленая ім кніга – крамола…

Куды адправяць тыя “шкодна-крамольныя” кнігі? У гітлераўскай Германіі іх палілі на плошчах. У СССР – пры Сталіне таксама палілі, пазней – хавалі ў гэтак званых спецфондах.

Дарэчы, дарэмна сённяшнія чыноўнікі любяць спасылацца на савецкія часы. Бо ў галіне нацыянальнага кнігавыдання ім да колішніх выдаўцоў – як да Пекіна на карачках. Лепш хай спасылаюцца на Герастрата. Ці на вядомага ўсім са школьнай парты Фамусава, героя камедыі “Гора ад ведаў”, прабачце, “ад розуму”. Той, як вядома, прапаноўваў вельмі простае рашэнне: “Уж коли зло пресечь – собрать все книги бы да сжечь”.

Мне могуць запярэчыць – ты бачыш навакольны свет у празмерна чорных фарбах. Ды і вогнішчаў на плошчах няма.

Сёння няма. А заўтра? Чамусьці ў задушлівай і без таго беларускай атмасферы і без асаблівага прынюхвання мне ўсё больш адчуваецца назойлівы пах дыму…

Міхась СКОБЛА.

Публікацыя з № 104 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.