
Аляксандр Лукашэнка пасля нарады па сітуацыі ў сферы аховы здароўя даў шэраг даручэнняў, перадае БЕЛТА.
Час “ікс”
«Як вынік: праз тыдзень у мяне на стале дакумент — або распараджэнне, або пратакол даручэнняў. Збярыце стэнаграму, усё, аб чым гаварылі. Усё павінна быць прапісана. Тэрмін адзін — 1 студзеня будучага года, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады. — Усе недахопы, пра якія тут гаварылі, да 1 студзеня павінны быць ліквідаваны».
Кантроль за выкананнем даручаны Камітэту дзяржкантроля і Генеральнай пракуратуры. «Не дай бог, мне даложаць, што вы хоць коску не выканалі або пасля коскі, крыўдуйце самі на сябе. Усюды павінны быць зрухі», — сказаў ён.
Група Абельскай працягне працаваць
Рабочая група начале з кіраўніком так званай “лечкамісіі” Ірынай Абельскай, якая вывучала сітуацыю ў ахове здароўя, працягне працаваць. Ёй да канца года трэба яшчэ раз правесці маніторынг тых устаноў, якія трапілі ў «чорны спіс».
Рэвізія навучальных устаноў
Яшчэ адно даручэнне — правесці рэвізію ў медыцынскіх універсітэтах. «Максімальна паглядзіце на іх. Рэктараў і кіраўніцтва ВНУ трэба ўзварухнуць, не разварушваюцца — унясіце прапановы па замене. Усіх, значыць, усіх. Гэта недапушчальна, усё пачынаецца адтуль», — даручыў Лукашэнка.
Кім зоймуцца праваахоўнікі?
«Мне сказалі (я не паверыў, але даручыў аператыўна праваахоўным органам паглядзець): у нас пайшоў ужо накат на некаторых членаў камісіі. Хутка на дзяцей, на сваякоў пяройдуць. Кругавая парука — а тут яна разарвалася. Не дай бог. Нават размаўляць з вамі не будзем. Гэта людзі, якіх я накіраваў. Я буду рэагаваць вельмі жорстка», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Дапаўненне ад Генпракурора
Генпракурор Андрэй Швед на нарадзе ў Лукашэнкі заявіў, што за 2022 і 2023 гады заведзена больш за 60 крымінальных спраў у медыцыне.
«У гэтым годзе мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на сметніцу прыдатныя да ўжывання вакцыны супраць кавіду. 6 405 упаковак выяўлена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай абласцях», — расказаў генпракурор.
Ён дадаў, што гэтымі фактамі зоймуцца.
«На паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва. Толькі па гэтых двух фактах кошт антыкавідных прэпаратаў перавышае 180 тысяч рублёў», — канстатаваў Андрэй Швед.
Таксама генпракурор звярнуў увагу на карумпаванасць сферы аховы здароўя. Па яго словах, па выніках мінулага года і ў бягучым пракурорамі ўжо заведзена больш за 60 крымінальных спраў. Прычым гаворка ідзе не толькі пра хабарніцтва.
«У шэрагу выпадкаў (прававая ацэнка будзе дадзена ў ходзе расследавання крымінальных спраў) галоўныя дактары выкарыстоўваюць выдзеленыя па вашым даручэнні так званыя кавідныя сродкі для вырашэння сваіх пытанняў. У прыватнасці, асобныя галоўныя дактары ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700%. А тым медсёстрам з кавідных аддзяленняў, — 27—29%. Гэта здзек з людзей, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах», — абурыўся Андрэй Швед.