: Украінская паэтка Тамара Каламіец каля кіеўскага помніка Уладзіміру Караткевічу. Фота з адкрытых крыніц.
: Украінская паэтка Тамара Каламіец каля кіеўскага помніка Уладзіміру Караткевічу. Фота з адкрытых крыніц.

Кіеўская гарадская рада дэпутатаў прыняла рашэнне назваць адну з вуліц у Кіеве ў гонар класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Гэты крок выглядае вельмі паказальна, нават сімвалічна.

Варта нагадаць, што летась ва ўкраінскай сталіцы былі перайменаваны больш за чатырыста вуліц, бульвараў, плошчаў і паркаў, чые ранейшыя назвы мелі дачыненне да расійскай культурай. Не пашанцавала нават Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну, які пазбыўся не толькі вуліцы, але і помніка (прычым не толькі ў Кіеве).

У такім кантэксце ўшанаванне беларуса Караткевіча бачыцца як выразны знак таго, што кіеўская заканадаўчая ўлада не атаясамлівае палітычны рэжым у Беларусі і беларускую нацыянальную культуру, якую, да слова, той самы рэжым заціскае па ўсіх напрамках.

Трэба сказаць, што Уладзімір Караткевіч Кіеву не чужы. У свой час ён закончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі, працаваў настаўнікам у вясковай школе на Кіеўшчыне. А адна з яго самых вядомых кніг – “Зямля пад белымі крыламі” – была напісана па замове кіеўскага выдавецтва і ўпершыню выйшла на ўкраінскай мове. Кіеву прысвечаны шматлікія вершы паэта, у пасляваенным Кіеве адбываюцца падзеі і ў ранняй аповесці Караткевіча “Лісце каштанаў”.

Таму невыпадкова сваё ўдзячнае эсэ пра Кіеў Уладзімір Сымонавіч прачула назваў на старадаўні лад “Мой се градок!”. Там ёсць кранальны эпізод, як аўтар эсэ туманнай раніцай выходзіць на бераг Дняпра і, чуючы з далёкай мінуўшчыны пытанне, чый гэта горад, адказвае “Мой! Мой гэта градок! І спрадвеку быў мой, як спрадвеку маёй, ад пачатку дзён маіх была, і ёсць, і будзе мая вялікая рака!”. Караткевіч, як вядома, нарадзіўся ў Оршы, на беразе Дняпра.

Рашэнню Кіеўскай гарадской рады папярэднічала грамадская дыскусія, ініцыяваная ўкраінскім пісьменнікам і дасведчаным караткевічазнаўцам Вячаславам Лявіцкім. Адбылося нават інтэрнэт-галасаванне, якое, відаць, і паўплывала на галасаванне дэпутацкае.

Не лішне ўспомніць, што ва ўкраінскай сталіцы гадоў сем таму з’явіўся і велічны помнік Уладзіміру Караткевічу. За такое паважлівае стаўленне да свайго класіка беларусы мусяць быць удзячныя ўкраінцам. Тым больш у Мінску да гэтай пары няма ні помніка славутаму пісьменніку, ні вуліцы яго імя.

Антон ЗАГОРСКІ.